"Петля Пристрастия" выпусціла песню пра любоў
Беларускія рокеры "Петля Пристрастия" апублікавала новы трэк пад назвай "Цветок". Музыкі кажуць, што галоўны герой песні — любоў:
"Да нас час ад часу падыходзяць і пытаюцца: "Чаму не спяваеце песень пра любоў?" Ну дык вось, гэта яно самае, пра каханне мужчыны да жанчыны, пра любоў чалавека да чалавека, мастака да прыгажосці, якая знікае, пра рэўнасць Артэміды і каханне Афрадыты да Адоніса, пра каханне Эха да Нарцыса, пра любоў Нарцыса да сябе, пра юнака Гіяцынта, пра любоў купца да сваёй дачкі і яе любоў да пунсовенькай кветачкі, пра кветачку-семіцветачку, і, вядома ж, пра любоў да чалавечай плоці ў фільме "Крамка жахаў".
"Цветок" — другі трэк каманды, апублікаваны пасля выхаду альбома "Мода и облака" 2016-га года. Раней, у кастрычніку 2017 каманда прадставіла кампазіцыю "Минотавр".
Канцэртная прэзентацыя новага сінгла адбудзецца 14 красавіка падчас вялікага сольніка "Петли Пристрастия" у сталічным клубе Re:Public. Пасля гэтага гурт выправіцца ў вялікі замежны гастрольны тур.