Port Mone trio запіша альбом ад ветракоў і сонечных батарэй
Каб прыцягнуць увагу да аднаўляльнай энергетыкі, трыа Port Mone запускае дзёрзкі арт-праект. Музыкі запішуць альбом, сілкуючы апаратуру толькі ад ветракоў і сонечных батарэй.
Папярэдні студыйны альбом Port Mone trio "Thou" выйшаў у 2014 годзе. Тады музыкі адмовіліся ад лабараторных умоваў студыі і запісвалі ўсе кампазіцыі ў лесе пад Мінскам. А сёлета вырашылі пачаць новы, яшчэ больш незвычайны эксперымент.
Новы альбом мае працоўную назву "Whisper" ("Шэпт"). Яго будуць запісваць на мабільнай студыі, якую спачатку вывезуць да ветраўстановак, а пасля ў салярны парк. Падчас працы над альбомам будзе зняты дакументальны фільм.
Альбом "Whisper" стаў адным з пераможцаў экалагічнага конкурсу, таму частка сумы на яго рэалізацыю ўжо сабраная. Каб сабраць рэшту, Port Mone trio запускае краўдфандынг-кампанію на платформе Talaka.by.