Праваабаронцы: Выхад Дашкевіча — не прыкмета паляпшэння сітуацыі
З такой сумеснай заявай выступілі Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і прадстаўнікі праваабарончага сайта "Вясна".
Праваабаронцы нагадваюць, што палітвязень Зміцер Дашкевіч адбыў поўны тэрмін пакарання ў турме, пры гэтым ніводнае з высунутых супраць яго абвінавачванняў не было знята. Цяпер палітвязень знаходзіцца пад прафілактычным наглядам, што дае ўладам права ў любы час наведваць яго.
Адзінаццаць палітвязняў, уключаючы прэзідэнта праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага, застаюцца за кратамі ў Беларусі. Рэжым працягвае ўвесь час пераследаваць праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў. У такім кантэксце той факт, што Савет Еўрапейскага саюза прыпыніў забарону на ўезд у ЕС для кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея, не паддаецца ніякаму апраўданню, заявіў прэзідэнт FIDH Карым Лахіджы.
FIDH і "Вясна" заклікаюць беларускія ўлады адмовіцца ад усіх пунктаў абвінавачання супраць Дашкевіча і аднавіць яго ў грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама яны заклікаюць неадкладна і без якіх-небудзь умоваў вызваліць усіх палітвязняў, перадае БелаПАН.