Праваслаўны сабор на Нямізе прадае кнігу пра подзвігі "Стралка" (фотафакт)
У кніжнай лаўцы Петра-Паўлаўскага сабора ляжыць кніга Міхаіла Палікарпава “Игорь Стрелков — ужас бандеровской хунты. Оборона Донбасса”.
Фота змясціла ў сваім Фэйсбуку Наталля Васілевіч, інфармуе “Наша Ніва”.
Ігар Стралкоў-Гіркін — камандуючы гэтак званай арміяй Наваросіі — арміяй самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі.
Кніга выйшла ў 2014 годзе ў расійскім выдавецтве “Книжный мир”, на сайце ozon.ru пазначаецца як бэстсэлер.
У міні-анатацыі напісана: “Наваросія ў агні вайны. Ці стане гэтая вайна кропкай адліку адраджэння Расіі? Хто адкажа на гэтае пытанне? Быць можа, Ігар Стралкоў і яго стальныя паўстанцы, якія грудзьмі закрылі ад амерыкана-ўкраінскіх фашысцкіх ордаў гарады і вёскі Данбаса?
Палкоўнік Стралкоў, яшчэ ўчора мала каму вядомы ў Расіі гісторык, рэканструктар, журналіст і воін, які прайшоў Прыднястроўскую, Югаслаўскую і Чачэнскую войны, стаў новым тварам Расіі, якая ўздымаецца з каленяў. Па-рыцарску высакародны, мужны, цвёрды, але справядлівы — гонар, розум і сумленне рускага народа — нездарма яму так да твару эпалеты Рускай імператарскай арміі, нездарма ён, патомны рускі афіцэр, так падобны тварам і выпраўкай на ўнука генералісімуса Суворава.
Як бы не павярнуўся да яго яго ваенны лёс, Ігар Іванавіч Стралкоў ўжо назаўжды ўпісаў сваё імя ў гісторыю слаўнай абаронай новага рускага Сталінграда, горада са шматзначнай, і, напэўна, не выпадковай назвай — Славянск.
Гэтая кніга — першая біяграфія загадкавага героя нашага часу палкоўніка Стралкова, у якой прадстаўлены як успаміны яго блізкіх сяброў, так і матэрыялы з розных крыніц, уключаючы асабістыя дзённікі камандуючага ўзброенымі сіламі Данецкай Народнай Рэспублікі, у якіх ён апісвае бітву за Славянск і адкрыта адказвае на нязручныя пытанні”.
Міхаіл Палікарпаў — аўтар кніг пра барацьбу сербскага народа, якога прадалі “сябры”.