Прыбіральню за мільён долараў закрылі пасля візіту Лукашэнкі і Парашэнкі
У Гомелі зачынілі самую дарагую прыбіральню краіны, якую аўральна адчынялі перад прыездам у горад 25-26 кастрычніка Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі, перадае "Белсат". Кіраўнікі дзяржаваў прыязджалі на Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны.
Перад іх прыездам і адчынілі грамадскую прыбіральню на набярэжнай Сожа. Тады ж стала вядома, што кошт збудавання — каля мільёна долараў. Фінансаванне вялося з мясцовага бюджэту.
Дырэктарка Гомельскага палацава-паркавага ансамблю Ірына Пыркова ў каментары журналістам падкрэсліла, што прыбіральню яшчэ афіцыйна не ўвялі ў эксплуатацыю. Яна параіла звяртацца да будаўнікоў.
У прыёмнай Упраўлення капітальнага будаўніцтва кажуць, што прыбіральню закрылі праз надвор’е. Неафіцыйна дадаюць, што прыбіральня яшчэ недаробленая, таму там працуюць будаўнікі.