“Прыцягнута 11 мільярдаў інвестыцыяў” vs “Цяпер стыпендыі стала недастаткова”
На ўсебеларускім сходзе Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што за пяцігодку ў краіне адбылося шмат пазітыўных зменаў. Да прыкладу, упершыню за 20 гадоў колькасць жыхароў Беларусі пачала расці.
“У мінулай пяцігодцы праведзена мадэрнізацыя базавых галін эканомікі. Асвоеная серыйная зборачная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, выраблены самы буйны ў свеце кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 450 тон”, — кажа кіраўнік дзяржавы.
Ён рапартуе, што за пяць гадоў павялічыўся і аб’ём замежных інвестыцыяў у эканоміку — у 2,5 раза і гэтак далей.
Еўрарадыё папрасіла людзей на вуліцы даць сваю ацэнку зменам у краіне за тыя самыя 5 гадоў.
Хлопец Віталі кажа, што ён не вельмі задаволены:
“У прынцыпе ніякіх зменаў у лепшы бок няма, абсалютны застой, ніякіх новых тэхналогіяў. Не адкрываецца ніякіх новых бізнесаў. Узровень жыцця, асабліва апошнія два гады, падае. У людзей няма аптымізму”.
Дзіўнавата параўноўвае ўзровень жыцця Алена:
“Адносна іншых краінаў, можа і лепшым стаў, але адносна таго, як было 5 гадоў таму, на маім заробку адбілася ў горшы бок”.
Не задаволеная зменамі і выпадковая пенсіянерка:
“Відаць, нашмат бяднейшымі сталі. Нават калі параўноўваць пенсію, дык мы ледзь канцы з канцамі зводзім”.
Пра тое, як складана жыць на стыпендыю, дзеліцца студэнтка:
“Падаецца, што ўзровень стаў нашмат лепшым. Вулачкі прыгожыя сталі, — але падумаўшы, дадае. — Кошты пакрысе растуць, а заробкі амаль не змяняюцца. Увогуле простаму чалавеку стала цяжэй жыць на тое, што ён зарабляе. Я вось студэнтка. Раней мне стыпендыі хапала і бацькі дапамагалі — можна было жыць. А цяпер і стыпендыя, і падпрацоўваеш, і недастаткова”.