Брэсцкі абласны суд адмяніў прысуд за "маўклівую" акцыю

21 ліпеня Брэсцкі абласны суд задаволіў скаргу актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Змітра Шурхая. Ён адмяніў пастанову суда Маскоўскага раёна Брэста і накіраваў адміністрацыйную справу на новы разгляд.

Пра тое, як актывіст дамогся такога выніку, Еўрарадыё паразмаўляла са Змітром Шурхаем.

Еўрарадыё: Брэсцкі абласны суд задаволіў вашу скаргу, якія ўражанні?

Зміцер Шурхай: “Так. Гэта нас здзівіла, бо ў Брэсцкай вобласці гэта перашае задаволенае абскаржанне па справах "маўклівых" пратэстаў. Нагадаю, я быў затрыманы за дзень да акцыи 29 чэрвеня. Мяне абвінавацілі ў хуліганскіх дзеяннях, нібыта я мацюкаўся, ідучы па горадзе. І пасадзілі на 7 сутак, каб ізаляваць адразу на дзве акцыі – 29 чэрвеня і 3 ліпеня. Я яшчэ з ізалятара напісаў скаргу на гэтае рашэнне. І вось, абласны суд задаволіў гэтую скаргу і адправіў на новы разгляд. Паглядзім, што будзе далей”.

Еўрарадыё: Вы прасядзелі 7 сутак арышту, але зараз вашую справу ізноў будзе разглядаць раённы суд. А пастановы наконт таго, што вы несправядліва адсядзелі гэтыя суткі, дагэтуль няма?

Зміцер Шуркахй: “Раённы суд можа пакінуць рашэнне, як і было. Але калі абласны суд адмяніў, дык раённы суд проста мусіць нейкае меншае пакаранне вынесці. Але горшым яно не можа для мяне быць”.
 
Еўрарадыё: А ці вам не павінны кампенсаваць несправядлівы арышт, калі суд палічыць гэты арышт несправядлівым?

Зміцер Шурхай: “Мне дапамагае праваабаронца Раман Кісляк са скаргамі, абскарджаннямі. Ён казаў, што калі раённы суд зараз выявіць, што я не парушаў закона (а насамрэч так і было), дык павінная быць нейкая кампенсацыя. Але там нейкія невялікія грашовыя сродкі”.

Еўрарадыё: Вы абскарджваецце гэтае рашэнне разам з праваабаронцам. Ці не звязваеце вы староўчы вынік з тым, што журналісты прыцягнулі ўвагу Генпракуратуры да "маўклівых" акцыяў, і на апошняй з іх у Мінску нават былі супрацоўнікі пракуратуры? Можа, брэсцкая судовая сістэма таксама пачала задумвацца над гэтай складанай сітуацыяй –людзі падчас акцыяў маўчаць, а затрымліваюць іх за мацюкі?

Зміцер Шурхай: “Я дакладна не ведаю, што гэта за тактычны ход з боку ўладаў у дачыненні да мяне. Гэта будзе бачна па новым рашэнні раённага суда. Усё гэта не проста так, канешне, гэтыя абсурдныя прысуды за плясканне, за тое, што чалавек стаяў, ішоў... І Генпракуратура на гэта звярнула ўвагу, і, можа, сапраўды прызнае дзеянні міліцыянтаў незаконнымі...”

Еўрарадыё: Падчас апошніх акцыяў у Брэсце затрымалі каля 100 чалавек. Акрамя вас нехта абскарджваў прысуды?
 
Зміцер Шурхай: “Так. У асноўным, калі масавыя затрыманні былі, каля 100 чалавек, людзям былі штрафы. Шмат тых людзей, хоць яны не вераць, што яны нечага дамогуцца пры цяперашняй судовай сістэме, гэтыя прысуды абскарджваюць”.

Фота: bchd.info.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі