Новы альбом гурта Re1ikt можна скачаць на "Еўрарадыё"

Бубнач калектыву Аляксандр Дземідзенка прызнаўся, што ідэя запісаць гэты дыск з'явілася дзякуючы акустычнаму выступу на "Бардаўскай восені".

Аляксандр Дземідзенка: "У 2009 годзе мы перамаглі на фестывалі "Бардаўская восень", гэта натхніла нас шмат даваць канцэртаў у акустычным фармаце. І людзі вельмі часта да нас падыходзілі і пыталіся, дзе нас можна пачуць менавіта ў гэтым фармаце, бо тыя дыскі, што былі раней, былі крыху цяжкія, рокавыя такія. Таму мы вырашылі, што трэба людзям пайсці на сустрач і зрабілі гэты дыск".

Адзначым, што музыкі ўжо паспелі прэзентаваць дыск ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, акрамя Магілёва, таму прыхільнікі гурта ўжо знаёмыя з гэтым матэрыялам.

Дарэчы, назва "падарункавага" дыску з'явілася далёка не выпадкова. Паводле слоў Аляксандра, ёсць дзве прычыны, каб назваць свой трэці альбом Vytoki.

Аляксандр Дземідзенка: "Гэта акустычны фармат, і, напэўна, усе гурты пачыналі менавіта ў акустыцы граць сваю музыку. Дадам яшчэ, што на гэтым дыску ёсць нашы амаль самыя раннія кампазіцыі, якія былі зробленыя яшчэ ў 2004-м годзе. Вось таму і Vytoki".

Апроч, старых песень, на кружэлцы запісаныя два абсалютна новыя трэкі "Тры Хвіліны" і "Ой, рана на Івана", якія трапяць на чацвёрты студыйны альбом гурта Re1ikt. А запіс наступнага дыска ўжо пачаўся і, паводле слоў Аляксандра Дземідзенкі, ён можа з'явіцца ўжо на пачатку наступнага года.

Аляксандр Дземідзенка: "Уся інструментальная частка ўжо запісаная, мы ўсё ж такі вырашылі рабіць яго на беларускай мове, таму засталося прапісаць толькі вакал. Там будзе сем песень, але яны будуць вельмі нестандартныя, нефарматныя – усе ў сярэднім дзесяць хвілін. І мы яшчэ не вырашылі, ці будзем мы іх рэзаць на кавалачкі, якія будуць мець нейкую канцэптуальную сувязь, ці будзем пакідаць іх такімі доўгімі".

Прычынай такой незвычайнай працягласці трэкаў стала непрыняцце музыкамі класічнай схемы куплет-прыпеў-сола-прыпеў, маўляў, творчы патэнцыял Re1ikt большы за яе. Але спецыяльна рабіць песні па дзесяць хвілін ніхто не дамаўляўся, так атрымалася выпадкова. Дарэчы, будучы альбом мае пэўную канцэпцыю, якую Аляксандр адмовіўся раскрыць, паабяцаўшы, што ўсё стане вядома бліжэй да выхаду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі