Павел Свярдлоў. Дзённікі Акрэсціна. Эпізод 2: Суд

120710 Sverdlov Dnevnik 2.mp3

Дзённікі Акрэсціна. Эпізод 1: Затрыманне

Дзённікі Акрэсціна. Эпізод 3: Інструкцыя па экслуатацыі

Дзённікі Акрэсціна. Эпізод 4: Слоўнік

Кулінары Акрэсціна: Сутачная норма ― 19000 на вязня. Тры кашы, суп, катлета

Яшчэ ў аддзяленні міліцыі я задумваюся, навошта мяне схапілі. У бліжэйшы час не планавалася ніякіх акцый, бліжэйшае і адзінае масавае мерапрыемства – парад 3 ліпеня. Лічу суткі да парада... атрымліваецца 11. Так я разумею, што на Акрэсціна давядзецца ўпісацца надоўга.

Суд

Да суда Маскоўскага раёна мы пад’язджаем праз службовую браму. Жвавы канвойны адразу ж знікае вырашаць нейкія пытанні. Пазней ён не хавае таго, што мае добрыя стасункі з сакратаркай суда. Неўзабаве суддзя вызваляецца, і другі міліцыянт вядзе мяне ў залу. Проста перад намі клетка, у якую мяне і саджаюць. Як высветлілася пасля – памылкова, бо гэта месца для крымінальнікаў. Падчас адміністрацыйных працэсаў абвінавачаныя займаюць месца на першым шэрагу, побач з "гледачамі". Таму, калі цябе саджаюць у клетку – не пагаджайся!

З-за кратаў я гляджу, як у залу ўваходзяць суддзя і сакратар. Больш у зале няма нікога! Гэта, безумоўна, гуляе супраць абвінавачанага: калі ніхто не бачыць, судзіць прасцей! Суддзя адразу пытаецца, ці ёсць у мяне якія-небудзь хадайніцтвы. Адказваю, што хачу выклікаць адваката. Суддзя просіць назваць канкрэтнае прозвішча. Я называю (абавязкова прыкінь ужо сёння, хто мог бы абараняць цябе ў судзе!), і ў пасяджэнні абвяшчаецца перапынак… на 40 хвілін.

Ці можа чалавек, якога судзяць за адміністрацыйнае правапарушэнне, папрасіць болей часу на пошукі адваката?

“Папрасіць больш можна. Але зусім не факт, што суддзя дасць яму гэты час. У адміністрацыйным працэсе, у адрозненне ад крымінальнага, гэта не прапісана. Вам могуць проста-напраста сказаць: “У вас гадзіна, праз гадзіну пачынаем разгляд справы”, – тлумачыць Еўрарадыё адвакат юрыдычнай кансультацыі №2 Цэнтральнага раёна Мінска Вольга Савіч.

Адвакат: быць ці не быць?

Усяго 40 хвілін! Гэтага, натуральна, не хопіць, каб знайсці адваката, заключыць з ім дамову і прывезці ў суд. Тым больш, што жанчына, на абарону якой я разлічваю, недасяжная… Хвіліны цякуць, жвавы канваір насядае. “Калі не можаш знайсці адваката – ці пагаджайся на дзяжурнага, ці адмаўляйся ад абароны”, – настойвае ён.

У гэты час калегі з Еўрарадыё знаходзяць адваката і вязуць яго ў суд. Але я пра гэта не ведаю! Тэлефанаваць журналістам мне забараняюць: “Прэса нам тут не патрэбная”. Я вырашаю адмовіцца ад дзяжурнага адваката. Па-першае, я не ўпэўнены, што ён будзе абараняць мяне належным чынам. Па-другое, наглядзеўшыся галівудскіх судовых драмаў, я мару абараняць сябе сам! Па-трэцяе, адвакату сходу будзе складана разабрацца ў акалічнасцях справы.

“Адміністрацыйныя працэсы для адвакатаў працэдурна даволі складаныя. Адвакаты нашмат часцей выступаюць на крымінальных працэсах. І часта атрымліваецца так, што адвакаты самі пазбаўляюцца магчымасці выступіць, бо спрэчак на разглядзе адміністрацыйных спраў няма. І, калі адвакат не ведае, у які момант яму выступаць, атрымліваюцца вось такія не вельмі смешныя, але, тым не менш, казусы”, – быццам бы падтрымлівае мяне Вольга Савіч.

Але ў гэты момант я ўсё ж раблю чарговую памылку. Ад дзяжурнага адваката адмаўляцца не варта. Бо гэта не той чалавек, які сядзіць у судзе і чакае, калі яго паклічуць для фармальнага выканання абавязкаў. Так ці інакш, у суд яго выклічуць з юрыдычнай кансультацыі.

Вольга Савіч: “Кожны адвакат з кожнай юрыдычнай кансультацыі часам бывае такім “дзяжурным”. Але людзі рэдка выклікаюць адваката на адміністрацыйны працэс, бо штраф, які ім пагражае, можа быць меншы за выдаткі на абаронцу. Да таго ж, спецыфіка такая, што, нават калі чалавек пры дапамозе адваката дакажа, што не вінаваты ў адміністрацыйным парушэнні, кампенсацыю выдаткаў на абаронцу беларускае заканадаўства не прадугледжвае. Але калі для чалавека важная рэабілітацыя – адваката ўсё ж варта выклікаць”.

Прызнаеш віну - пазбаўляешся права абскарджваць прысуд!

Разгляд справы можна было б штучна зацягнуць хадайніцтвамі. Я не раблю гэтага, і гэта яшчэ адна мая памылка: адвакат паспявае толькі на абвяшчэнне прысуду… Калі б я даў ёй час, заяўляючы хадайніцтвы, усё магло б скласціся інакш!

“Падчас адміністрацыйнага працэсу можна заявіць хадайніцтва аб выкліку сведак, каб пацвердзіць алібі ці пазіцыю асобы, якая прыцягваецца да адказнасці. Калі гэтых сведак няма ў зале, суд мусіць адкласці разгляд справы і выклікаць іх. Што праўда, суд можа адхіліць такое хадайніцтва, але гэты крок мусіць быць матываваны, – распавядае Еўрарадыё загадчыца Мінскай абласной юрыдычнай кансультацыі №1 Людміла Гарахавік. – Другое распаўсюджанае хадайніцтва датычыцца далучэння да справы нейкіх пісьмовых дакументаў. А калі пісьмовыя доказы далучае іншы бок – можна заявіць хадайніцтва аб азнаямленні са справай. Тады суддзя таксама абвесціць перапынак”.

Пасяджэнне ўзнаўляецца. Я адказваю суддзі, што не прызнаю сябе вінаватым: глупа прызнавацца ў тым, чаго не рабіў. Прызнанне віны, тэарэтычна (але не факт!), магло б змякчыць прысуд, але тады я згубіў бы магчымасць яго абскарджваць. На тое, што сёння мяне могуць апраўдаць, я не спадзяюся. Таму пакідаю сабе шанец звярнуцца ў суды вышэйшай інстанцыі.

Праз пару дзён я распавядаю ўсё гэта суседзям па камеры, але яны толькі смяюцца з мяне. Па іх назіраннях, гарадскі суд ніколі не пераглядае справу на карысць зняволеных. Так яно і адбываецца: нягледзячы нават на сведчанні відавочцы майго затрымання, 6 ліпеня ў гарадскім судзе маю скаргу адхіляюць. Застаецца спадзявацца на Вярхоўны суд. Тым больш, што ён часам прымае бок асуджаных і сапраўды накіроўвае справы на перагляд.

Пытанне на засыпку

Вяртаемся ў суд Маскоўскага раёна. Суддзя пачынае апытваць першага сведку. Ён уваходзіць у залу з калідора і падпісвае паперу з папярэджаннем пра адказнасць за лжэсведчанне. А пасля распавядае сваю версію майго затрымання. Я разумею, што адзіны мой шанец – злавіць сведак на несупадзенні дробных дэталяў. І пачынаю задаваць пытанні. Шмат пытанняў! Седзячы ў РУУСе, не губляйце часу. Аналізуйце тое, што з вамі адбылося. Думайце над дробязямі, у якіх паказанні тых, хто вас затрымліваў, могуць разысціся.

Чаму спецназ ранкам патрулюе вуліцу на ўскраіне Мінска, хаця не павінен гэтага рабіць?

Хто даручыў вам патруляванне 22 чэрвеня?

Якім маршрутам ішоў ваш патруль?

Дзе менавіта вы знаходзіліся, калі пачулі, як Свярдлоў лаецца?

У чый бок лаяўся абвінавачаны? Ці заўважылі вы, што стала прычынай парушэння грамадскага парадку?

Колькі чалавек агулам удзельнічала ў затрыманні “хулігана”?

Адкуль узяўся аўтамабіль, на якім Свярдлова завезлі ў аддзяленне?

Аўтамабіль якой маркі і якога колеру прыехаў на ваш выклік?

Як вы выклікалі яго: па рацыі ці па тэлефоне?

Ці заўжды хуліганаў адвозяць у аддзяленне на Volkswagen Transporter з мяккімі крэсламі?

Колькі хвілін давялося чакаць службовую машыну?

Што ўвесь гэты час рабіў Свярдлоў, ці працягваў ён лаяцца?

Часам перад адказамі міліцыянт добра задумваецца, і я пачынаю на нешта спадзявацца. Апытанне першага сведкі заканчваецца. Суддзя пытаецца ў яго, ці хоча ён застацца ў зале. Ён адказвае, што не хоча, і… выходзіць на калідор, дзе яго чакае другі сведка! Я бачу, як яны пачынаюць нешта актыўна абмяркоўваць, і адразу ж гучна кажу пра гэта. Але суддзі гэта не цікава: тое, што сведкі ўзгаднялі свае паказанні, нават не ўвайшло ў пратакол судовага пасяджэння. Такім чынам, другі сведка ўваходзіць у залу падрыхтаваным. Надзея апраўдацца знікае.

Суддзя пытаецца, ці ведаю я абставіны, у выніку якіх сведкі могуць агаворваць мяне. “Не, – адказваю я. – Я ж у першы раз у жыцці іх бачу!” І гэта яшчэ адна памылка: пытанне суддзі шырэйшае, чым мне падалося. Няважна, ведаеш ты сведак ці не. Думай, хто яны, дзе жывуць, дзе працуюць, дзе жывеш і працуеш ты. Думай, за што яны могуць помсціць табе.

Адной нагой у ізалятары

Пры канцы працэсу я распавядаю, што я прыстойны чалавек, што абвінавачанні ў бруднай лаянцы гучаць абсурдна… Суддзя ківае і сыходзіць у кабінет. Сыходзяць з залы і сакратарка з канвойным. Мы пачынаем размаўляць з “маім” міліцыянтам. Амаль адразу ён пытаецца пра мой заробак. Я адказваю і цікаўлюся, як аплачваецца яго праца.

“Атрымліваю каля 3 мільёнаў”, – адказвае ён. Складана паверыць, што ў міліцыянта такі малы заробак… Пытаюся, чаму ж ён не шукае лепшага жыцця, чаму не сыходзіць з міліцыі. Замест таго, каб распавядаць пра патрыятызм і самую лепшую прафесію, ён ківае на размеркаванне пасля Акадэміі МУС. Кажа, сысці з органаў да заканчэння кантракта сабе даражэй…

Тым часам суддзя вяртаецца. Разам з ёй у залу ўваходзяць журналісты і адвакат, якія, нарэшце, знайшлі мяне. Кажу рэдактару, што дакладна буду сядзець 15 сутак, няхай адразу рыхтуецца да горшага. Літаральна праз дзве хвіліны суддзя пацвярджае мае здагадкі.

Працэс скончаны. Я прашу, каб мне выдалі копію пастановы суда – выйграю некалькі хвілінаў. За гэты час мы паспяваем пагутарыць з калегамі. Яны перадаюць мне прадукты і сок – у судовай зале гэта не забаронена. Што праўда, большую частку гэтай перадачы давялося пакінуць у дзяжурнай частцы ізалятара на Акрэсціна. Перадаваць вязням ежу увогуле нельга. Нават хлеб не дазволілі ўзяць з сабой у камеру, не тое, што каўбасу.

Дзеянне наступнай часткі “Дзённікаў Акрэсціна” разгортваецца ў ізалятары. Якія законы дзейнічаюць у гэтым месцы, якою моваю там размаўляюць, як там існаваць? На падыходзе трэцяя частка нашага серыялу!

Фота: thomsonreutersportia.files.wordpress.com.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі