RockerJoker – Продается планета
Альбом “Продается Планета” выцягнуў з музыкаў усе сілы, але прыцягнуў новыя інструменты і чарговую актыўнасць інтэрнэт-карыстальнікаў. КАЧАЙ!!!
Гурт RockerJoker выдаў другі студыйны альбом, які атрымаў назву “Продается Планета”.
12 трэкаў з’явіліся ў свабодным доступе ў інтэрнэце, але ў хуткім часе
выйдуць і на фізічным носьбіце. Па словах музыкаў гурта Міхея Насарогава і Макса Сірага, на дыск трапілі ў асноўным песні добра знаёмыя слухачам, якія часта выконваліся на канцэртах.
Міхей Насарогаў: “Некаторыя
песні гэтага дыска мы запісалі яшчэ мінулым летам і вырашылі, што,
напэўна, гэта і будзе базавым гучаннем. Напрыклад, Макс
там выконваў не адну партыю на баяне, а на некаторых трэках тры, мы там
пагуляліся з рознагалоссем, дзесьці паспявалі самі хор, то бок
пакарысталіся тымі інструментамі, якія маем. А ў працэсе пачала
з’яўляцца ініцыятыва ад музыкаў з боку. Дзяўчына, якая грае на скрыпцы (Марціна Чараўко – заўв. Еўарадыё), прыехала
з Піцера на адзін дзень. Яна запісала нейкія трэкі спантанна. Пасля мы,
натуральна, дзесьці штосьці падразалі, але гэта яшчэ больш падвысіла
планку”.
Міхей адзначыў, што планка
падвышалася цягам усёй працы над дыскам. У выніку, на альбоме апроч
баяна ды укулеле з’явіліся гітара, скрыпка, духавыя ды ўдарныя
інструменты, што вельмі моцна змяніла гучанне ў параўнанні з дэбютнікам "Простые вещи". Па словах Насарогава,
аранжыраванне па-новаму так захапіла музыкаў, што яны нават не
задумваліся пра агульнае гучанне дыску, і вынік іх прыемна здзівіў.
Міхей Насарогаў: “У
масе мы проста раптам адчулі, што гэта нешта такое, чаго мы нават не
чакалі. Я не магу сказаць, што гэта такая ўсвядомленая ўласная заслуга.
Усё, што мы жадалі зрабіць, гэта пастарацца максімальна выжаць з сябе
якасць. Кружэлка нам вярнула ўдзячнасць. Яна сказала: “Ну што,
абасраліся?” – і мы пагадзіліся”.
Варта адзначыць, што выхад альбома выклікаў шмат каментарыяў у інтэрнэце. Прычым добрая частка з іх прапануе ігнараваць RockerJoker, нават не слухаючы новага матэр’ялу. У Міхея да гэтага сваё стаўленне і тое, што адбываецца ў каментарыях, яго цалкам задавольвае.
Міхей Насарогаў: “Шчыра
кажучы, я баяўся, што будуць біць саму кружэлку. Я яе ўспрымаю як
цэльную, скончаную істоту. І я баяўся, што яе будуць крыўдзіць. Не! Ёсць
пэўныя прад’явы асабіста да мяне за тое, што я такі і жыву так. А
кружэлку пакуль толькі хваляць, і я за яе толькі рады”.
Па прызнанні музыкаў праца над “Продается Планета” выцягнула амаль усе сілы, і пакуль RockerJoker нават не думае над новым матэрыялам.
Міхей Насарогаў: “Мы ўчора з Максам
гулялі і ўбачылі на зямлі абсалютна плоскую, засохлую жабку. Я сябе
адчуваю такім жа, як гэтая плоская жабка. Прыгожы контур, але
напоўненасці няма. Будзем напаўняцца. Жаданне працаваць ёсць, але рабіць
пародыі на саміх сябе не дазваляе сумленне, ды і неяк глупа, а як
перасягнуць тую планку, якая ўжо з’явілася, пакуль незразумела”.
Што ж тычыцца менш глабальных планаў, то зараз RockerJoker
рыхтуе да выдання невялікую, 12-ці хвілінную вінілавую пласцінку, на
якой будуць абсалютна розныя песні, нават тыя, якія не трапілі ні на
адзін альбом.
Міхей Насарогаў: “Вініл сам
сабой – гэта пэўны эксклюзіў, і было б выдатна, каб на ім таксама быў
нейкі эксклюзіўны матэрыял. Мы падумалі, што калі вініл – гэта багата ды
борза, то крута будзе запісаць на ім “live”. То бок нажыва, абсалютна
нахрапна, паспрабаваць перадаць канцэртную атмасферу. Мы яшчэ не
спрабавалі, але спадзяемся, што атрымаецца”.
Выхад вінілавай пласцінкі RockerJoker запланаваны на пачатак восені, але вельмі абмежаваным накладам. Ну, а паслухаць еўрарадыйны агляд дыска можна тут.
RockerJoker – Продается планета
1. 2012
2. Бам-бам-бам!
3. Фидель
4. Каренина
5. Комета
6. Осколки
7. Подъеboss
8. Про Любовь
9. Растафарай
10. Золото
11. Звёзды
12. Сердце
Міхей Насарогаў – укулеле, вакал
Макс Сіры – баян, вакал
Павал Кузюковіч – духавыя
Арцём Залескі – бубны
Марціна Чараўко – скрыпка
Зміцер Гаўрылік – гітара
(с) RockerJoker
(p) ТА «Осмос»