У Беларусі пройдзе першы чэмпіянат па кіданні каровіных лепяхоў

Напярэдадні фэсту арганізатары імпрэзы Ўладзімір Шаблінскі, Яўген Калмыкоў і Аляксандр Багданаў сабраліся, каб распавесці, чаму усё ж такі варта наведаць Вольнае паветра.

Па-першае, адзначае Яўген Калмыкоў, сёлета фестываль упершыню адбудзецца ў новым фармаце – на адной сцэне збяруцца прадстаўнікі новага этна адразу з пяці краін.

Яўген Калмыкоў: “Як вядома, фестываль існуе ўжо некалькі гадоў, але ў такім фармаце, які мы ўсе разам напрыдумвалі, адбудзецца ўпершыню. Калі ў Беларусі і ладзіцца фольк-фэст - ужо склаўся пэўны стэрэатып і пэўны склад калектываў, што там выступаюць. Мне падаецца, што ў гэтым няма развіцця. Таму мы адважыліся на гэты творчы эксперымент, ідэя якога – разгойдаць агульную музычную сітуацыю”.

Па словах Аляксандра Багданава, гурты для ўдзелу ў фестывалі адбіраліся па прынцыпе “што падабаецца самім”.

Аляксандр Багданаў: “То бок не было ніякіх заявак на ўдзел, ніякіх пэўных крытэрыяў адбору. Мы проста сабраліся і вырашылі, што гэта павінна быць у першую чаргу этніка, сучасная, з якімі-небудзь сучаснымі накірункамі музыкі. Мне падаецца, што этніку можна папулярызаваць толькі з дапамогай упляцення яе ў канву сучаснай культуры. Мы ўзгадалі ўсе гурты ў гэтым накірунку і выбралі тыя, якія найбольш падыходзяць пад фармат і могуць да нас прыехаць”.

Так, кажа Багданаў, большая частка ўдзельнікаў фестывалю – замежныя музыканты.

Аляксандр Багданаў: “Мы хацелі не толькі зрабіць міжнародны фестываль, але і паказаць сучасную фольк-музыку такой, якой яна існуе цяпер і актыўна развіваецца ў іншых краінах. Таму што, як мне бачыцца, у Беларусі існуе недахоп сучаснага модерн-этна. Да прыкладу, няма ніводнага гурта, які грае этна-электроніку ці этна-хіп-хоп. Таму мы выбіралі гурты, якія граюць і ў такіх накірунках і ужо добра вядомыя.

Такім чынам, на пляцоўкі Вольнага паветра ўздымуцца: Shazalakazoo з Сербіі - унікальны дуэт з Балканскага паўвострава, які грае электронныя міксы на балканскую народную музыку; Комба-Бакх з Расіі – гурт з Кастрамы, які запісаў і выклаў у сеціва 50 альбомаў, у кожным з якіх ёсць некалькі песень на беларускай мове (некалькі музыкантаў гурта родам з Беларусі); таямнічыя эксперыментатары Sovijus з Літвы; DJ WOJCIO з Польшчы будуць адказнымі за “Славянскую дыскатэку”; дыджэйскі культурны праект з Украіны Бадьян Сауна Сістэм. Беларуская частка фестывалю складаецца з транса, драйва і эйфарыі ад Нагуаль, энэргіі паганства ад Dzivasil, чароўных эксперыментаў ад дуэта Gurzuf ды фольк-грува ад Morfe Acoustic Band.

Вольнае паветра – масавае мерапрыемства, якое, аднак, шмат чым адрозніваецца ад імпрэз на вядомых сталічных пляцоуках, адзначае ўладальнік хутара і саарганізатар фестывалю Ўладзімір Шаблінскі.

Ўладзімір Шаблінскі:“За гэты год мы правялі шэраг канцэртаў. І людзі да нас едуць! Безумоўна, мы знаходзімся даволі далёка ад Мінска (80 км. па Віленскай трасе – заўв.рэдакцыі). За гэты час склалася пэўнае кола людзей, якім гэта падабаецца”.

Мы ездзілі глядзець іншыя пляцоўкі – дапаўняе думку Яўген КалмыкоўАле пасля зрабілі для сябе выснову, што галоўнае ў гэтым фестывалі – стварэнне атмасферы. У нас не будзе хэдлайнераў, гэта таксама наўмысны момант. Бо можна было замест чатырох гуртоў паклікаць адзін, які, умоўна кажучы, можа прынесці большы піяр. Але зразумелі, што самае галоўнае – гэта атмасфера. У Шаблі гэта ёсць – там што б не адбывалася, у прынцыпе, заўжды ўтульна”.

Акрамя музычнай праграмы на фэсце будзе яшчэ шмат забаваў. Сярод іх – першы ў Беларусі турнір па кіданні каровіных лепяхоў. Вядучым аванцюрнага спаборніцтва будзе Міця Тарпішчаў. А гледачы змогуць пазмагацца за перамогу разам з вядомымі прадстаўнікамі беларускага шоў-бізнэса.

І гэта не забава! – дадае Яўген Калмыкоў. – Усё па-сур’ёзнаму. Трэба “пабіць” сусветны рэкорд па кіданні кізякоў. Дагэтуль на 81 метр кінулі кізяк у Амерыцы. Усё будзе па-сур’ёзнаму: ёсць суддзя і памочнікі суддзі, арбітр  і адміністрацыя. Мне падаецца, што для ўдзельніка гэта такі экзістэнцыяльны момант – узяць кізяк і кінуць яго”.

Так, нарыхтоўкай лепяхоў арганізатары займаюцца ўжо месяц. І хоць каровіны кізякі – чысты і натуральны прадукт, усім ахвотным паўдзельнічаць у турніры выдадуць цэлафанавыя пальчаткі. Падрабязныя ўмовы спаборніцтва глядзіце ў адмысловым відэа.

Акрамя “чэмпіянату”, гледачоў Вольнага паветра чакае яшчэ і кінапрагарама пад адкрытым небам, распавядае Аляксандр Багданаў: “На адной з пляцовак, уначы, будуць прадстаўленыя лепшыя працы DIY Film Fest. Гэта фестываль, які адбываецца ўжо трэці год у польскай Гдыні і арганізуецца беларусамі. Праграма складаецца з трох частак – кароткаметражныя фільмы ад рэжысёраў і аператараў Чэхіі, Польшчы і Беларусі. Таксама будзе прадстаўлена падборка лепшых працаў з Gadabout Traveling Film Festival – мы атрымалі дазвол на паказ лепшых фільмаў з гэтага фестывалю. І вось усю ноч гэта будзе паказвацца і каментавацца арганізатарамі - з 12-ай ночы і да самай раніцы”. 

Чакаецца, што фестываль наведаюць каля 1500 чалавек. Квіткі на Вольнае паветра каштуюць 20 тыс. рублёў, і 50 тыс. за ўваход +кемпінг, 100 тыс. – уваход+праезд Мінск-Шаблі-Мінск. А вось ужо з 22-га жніўня кошты на ўсе квіткі ўздымуцца на 20 тыс.адпаведна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі