Сайт Experty.bу падвядзе вынікі 2015 музычнага года
У сярэдзіне сакавіка ў Мінску адбудзецца восьмая цырымонія ўручэння ўзнагарод Experty.bу па галасах музычных журналістаў і крытыкаў. Найлепшыя беларускія альбомы 2015 года будуць названыя ў дзесяці намінацыях.
Як паведамляюць Experty.by, іх штатныя эксперты адслухалі больш за сто беларускіх альбомаў, выдадзеных за 2015 год у стылістыцы поп, рок, фолк і альтэрнатыва. 38 з іх былі адрэцэнзаваныя і дапушчаныя да выніковага галасавання.
У вызначэнні пераможцаў узялі ўдзел 15 беларускіх музычных журналістаў і 5 замежных: па адным прадстаўніку з кожнай краіны, з якой мяжуе Беларусь. Польшчу сёлета прадстаўляе Яцак Скалімоўскі (польскі Newsweek), Расію — Дзмітрый Куркін (партал Zvuki.ru), Украіну — Сяргей Кейн (партал Comma.com.ua), Літву — Людас Закарэвічус (партал Manomuzika.lt), Латвію — Лаўрыс Анстраўтс (партал Intro.lv).
"Кожны год мы запрашаем новых замежных экспертаў. У іх розны густ, розныя фаварыты, але практычна ўсе яны кажуць пра тое, што якасных, годных ўсялякай пахвалы беларускіх дыскаў больш за дзясятак", — адзначае кіраўнік праекта Дзмітрый Безкаравайны.
Пераможца намінацыі "Альбом года" трэці год запар атрымае рэкламна-інфармацыйную падтрымку сольнага канцэрта ад інтэрнэт-аператара "Атлант Тэлекам". У папярэднія гады сярод пераможцаў узнагарод былі Port Mone, Pukstband, "Троіца", "Серебряная свадьба", Зміцер Вайцюшкевіч, The Toobes, "Ляпіс Трубяцкі" ды іншыя артысты.