Шапіра: Лукашэнка прызначыў мяне як бы галоўным габрэем, але гэта жарт
Кіраўнік Мінаблвыканкама не пабачыў нічога абразлівага ў сённяшнім выступе Аляксандра Лукашэнкі.
Падчас свайго выступу 29 красавіка Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў звяртаўся да тэмы габрэйства. Ён нават звярнуўся да старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры і заявіў, што яшчэ год таму даручыў яму ўзяць пад кантроль усіх габрэяў у Беларусі.
"Комсомольская правда" пацікавілася ў Сямёна Шапіры, як ён паставіўся да выказвання кіраўніка Беларусі. Чыноўнік адзначыў, што не ставіцца да гэтых словаў сур'ёзна: маўляў, Лукашэнка хацеў разбавіць свой выступ.
"Ён сказаў, што прызначыў мяне як бы галоўным габрэем. Але гэта жарт. Як можна прызначыць мяне над іншымі людзьмі па нацыянальнай прыкмеце галоўным? Зразумела ж, што гэта жарт", — адзначыў Шапіра.
Ён сказаў, што не пабачыў у словах Лукашэнкі нічога абразлівага. Таксама кіраўнік Мінскай вобласці дадаў: ён ганарыцца тым, што належыць да гэтай выдатнай, мудрай нацыі. "Для мяне нічога не было абразлівага. У нас у Беларусі габрэяў мала засталося. Значна больш тых габрэяў, якія носяць іншыя прозвішчы і не запісаліся габрэямі. Вось гэта ўжо нашмат горш, чым тое, што было сказана", — перадае газета словы Шапіры.
Фота — kp.by