Шаўчук: Тое, што адбылося ў Мінску, — вельмі сумна
У эксклюзіўнай размове з Еўрарадыё лідар гурта "ДДТ" падзяліўся ўражаннямі ад беларускіх выбараў і плошчы, пажадаў Някляеву здароўя і распавёў, які апазіцыйны л
Еўрарадыё: Напэўна, вы ведаеце пра разгон акцыі ў Мінску, які адбыўся пасля выбараў 19 снежня?
Юрый Шаўчук: Натуральна, я пра гэта ўсё ў курсе.
Еўрарадыё: Ці сачылі вы за развіццём падзеяў, які настрой у сувязі з тым, што адбылося?
Юрый Шаўчук: У мяне на гэты конт вельмі сумны настрой. Я вам так скажу: "Пора менять лысую резину!" Я падтрымліваю гэты лозунг апазіцыі.
Еўрарадыё: На вашу думку, ці варта было выводзіць людзей на плошчу?
Юрый Шаўчук: Мне здаецца, што трэба выкарыстоўваць усе спосабы.
Еўрарадыё: Некалькі месяцаў таму вы сустракаліся з Уладзімірам Някляевым. Цяпер Някляеў збіты. Ён у следчым ізалятары. Можа, надышоў час напісаць песню пра сітуацыю ў Беларусі?
Юрый Шаўчук: Ды чаго тут... У нас у Расіі сітуацыя такая ж самая!
Еўрарадыё: Ці зрабіў Някляеў на вас уражанне чалавека, які можа заклікаць натоўп біць дзверы Дома ўраду?
Юрый Шаўчук: Не думаю. Ён зрабіў уражанне разумнага чалавека з душой, што баліць за лёс Беларусі, за яе будучыню. Успаміны вельмі добрыя. І мы добра пагутарылі, ён вельмі прыемны чалавек. Моцны, з магутнай харызмай. Чалавек, які сапраўды жадае Беларусі дабрыні і святла і змены эканамічнага, палітычнага курсу. Мы доўга размаўлялі пра мадэрнізацыю, пра эканоміку, пра палітыку і дэмакратыю... Дай Бог яму здароўя!
Еўрарадыё: На вашу думку, што зараз адбываецца ў адносінах Расіі і Беларусі? То сварымся, то мірымся... Як гэта разумець?
Юрый Шаўчук: Ну хто ж начаваў у гэтых мазгах, якія то мірацца, то сварацца? Для нас гэта ўсё выглядае вельмі стыхійна і незразумела... І я не ведаю, што там адбываецца пад дываном, не ведаю гэтых шэрых дзяржаўных думак... Таму мне вельмі складана пра гэта меркаваць. То цалуюцца, то б'юцца... Адзінае, пра што гэта кажа — гэта пра адсутнасць прынцыповай палітыкі паміж Расіяй і Беларуссю. Зараз яна заснаваная на эмпірычным, на пачуццёвым, а не на рацыянальным. Няма выбудаванай, пэўнай пазіцыі ні ва ўрада Лукашэнкі, ні ва ўрада Пуціна. Гэта нейкая гульня ў шашкі. То ў "Чапаева", то ў паддаўкі... Няма пэўнай пазіцыі наконт нашага сумеснага існавання. Нешта адбылося — сварымся, нешта адбылося — і ўжо цалуемся...
Еўрарадыё: Зараз маскоўскія музыкі складаюць публічны зварот, у якім збіраюцца заклікаць беларускія ўлады вызваліць зняволеных пасля выбараў. Ці падпішаце?
Юрый Шаўчук: Безумоўна, падпішуся!
Еўрарадыё: А калі прыедзеце ў Мінск з канцэртам?
Юрый Шаўчук: Мы зараз заняліся запісам новага альбома. Калі скончыцца гэтая праца — ніхто не ведае. Але, як будзе гатовы альбом — абавязкова адразу ж прыедзем.