Што рабіць на прэзідэнцкіх выбарах у 2025 годзе? Вось якія ідэі ўжо ёсць
На гэтых выбарах крэатыўшчыкам не атрымаецца разгуляцца
Да 20 ліпеня наступнага года ў Беларусі павінны прайсці чарговыя прэзідэнцкія выбары. Калі кампанія адбудзецца, ніхто не ведае — улады цягнуць з агучваннем канкрэтнай даты. Але ні для кога не сакрэт, што ў ёй будзе ўдзельнічаць і элегантна пераможа Аляксандр Лукашэнка. А дэмакратычныя сілы, у сваю чаргу, будуць дамагацца прызнання выбараў нелегітымнымі. Усё як заўжды.
Адзінае “але” — якая роля ў гэтым працэсе адведзеная простым выбаршчыкам. Не ісці на выбары, а калі ісці, то што там рабіць. Палітыкі з дэмакратычнага фланга пакуль не прапанавалі адзінай стратэгіі, хоць пэўныя ідэі ўжо ёсць.
Еўрарадыё сабрала ідэі, якія ўжо гучаць у інфармацыйнай прасторы.
Байкот
Улюбёная стратэгія часткі старой апазіцыі, якую цяпер расчахліла і прапануе выкарыстоўваць новае пакаленне дэмакратычных палітыкаў. Пра байкот з боку патэнцыйных кандыдатаў гаварыла кіраўніца ініцыятывы “Сумленныя людзі” Алена Жываглод, а пра байкот выбаршчыкаў разважала журналістка і экс-удзельніца штаба Віктара Бабарыкі Яўгенія Сугак.
Іх думкі шмат у чым супадаюць. Паколькі кампанія мае прадвызначаны вынік і ў яе небяспечна ўвязвацца нерэпрэсаваным палітыкам і простым беларусам пад страхам магчымых рэпрэсій, лепш пасядзець дома.
Але сама кампанія байкоту, паводле меркавання Сугак, павінна быць не масавая, а больш філігранная, “з-пад падлогі”. Бо гэтым можа скарыстацца дзяржпрапаганда і дзякуючы адмінрэсурсу паказаць, што беларусы не слухаюць дэмакратычныя сілы і робяць усё ім насуперак.
Галасаванне супраць усіх
Насуперак байкоту частка палітыкаў прапануе актыўны ўдзел. Сярод іх — чалец Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка. На яго думку, беларусы павінны ўдзельнічаць у выбарах, нават ведаючы, што кампанія нічога не прынясе. Бо мабілізацыя прывучае людзей да дзеяння, трымае рэжым у стрэсе.
“Цішыня на выбарах — гэта і ёсць тое, што патрэбна рэжыму”, — заявіў Латушка падчас канферэнцыі “Новая Беларусь” і прапанаваў выбаршчыкам прыходзіць на ўчасткі і галасаваць супраць усіх.
Галасаванне за “канкурэнта” Лукашэнкі
Яшчэ адным з варыянтаў дзеяння можа стаць пратэснае галасаванне за кандыдатаў, якія будуць ствараць штучную канкурэнцыю Лукашэнкі. Яны яшчэ невядомыя, але сярод іх з вялікай доляй імавернасці можа аказацца лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч.
Жарсны паклоннік Лукашэнкі, ён у 2020 годзе таксама высоўваў сваю кандыдатуру, але зняўся на карысць аўтакрата. Цяпер яго могуць зноў выкарыстаць для імітацыі працэсу.
Вядома, галасаванне за Гайдукевіча прынцыпова нічога не зменіць у расстаноўцы сілаў, але паколькі ён дазволены рэжымам кандыдат, адкрытыя заклікі галасаваць за яго нічым не шкодзяць выбаршчыкам.
Да таго ж дэмсілы таксама могуць падключыцца да заахвочвання галасаваць за пэўнага кандыдата. Усё гэта патэнцыйна можа стварыць напружанне ў лагеры прыхільнікаў рэжыму.
Псаванне бюлетэня
Пакуль што самы небяспечны варыянт. Можна цалкам закрэсліць ліст ці, як прапаноўваў на ліпеньскім фестывалі “Тутака” палітаналітык Арцём Шрайбман, закрэсліць кандыдатаў і ўпісаць туды імя палітвязня.
Але з улікам адсутнасці ў кабінках для галасавання штораў і пільнай увагі да наведвальнікаў з боку чальцоў выбарчай камісій такая стратэгія можа стаць нагодай для рэпрэсій: ад штрафу да адміністратыўнага арышту. Калі ёсць імавернасць быць зняволенымі, лепей не рызыкаваць.
Высмейванне электаральнай працэдуры
Яшчэ адна ідэя, выказаная Арцёмам Шрайбманам у ютуб-шоу “Гадзіннічак цікае”. Яе сутнасць — высмеяць працэдуру, пазбавіўшы выбары сур’ёзнага сакральнага статусу, з якім прапаганда і чыноўнікі ставяцца да яе.
Яе часткай могуць быць галасаванне за Алега Гайдукевіча ці лозунг “Выбары ў Беларусі — цырк, давайце з іх парагочам”.
“Я думаю, што ў гэтай ідэі ёсць патэнцыял адзінай жывой эмоцыі, якая засталася ў беларусаў у адносінах да выбарчага працэсу. <…> Выціснуць смяшок з людзей яшчэ магчыма”, — лічыць Шрайбман.
З ім згодны палітолаг і сацыёлаг Рыгор Астапеня, які кажа, што такім праектам могуць заняцца не самі дэмсілы, а непразрыста звязаныя з імі ініцыятывы. Бо высмейванне выбараў прэзідэнта можа негатыўна сказацца на публічным іміджы лідараў дэмсілаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.