Што зрабіць, каб ураганы ў Беларусі не рабілі катастрофаў?

Дзяржава аказалася дрэнна падрыхтаванай да змен клімату

Дзяржава аказалася дрэнна падрыхтаванай да змен клімату / Еўрарадыё

Навальніцы і ўраганы, што праляцелі па Беларусі ў ліпені, нарабілі шкоды. Найбольш пацярпела Гомельская вобласць. Загінулі людзі, на некалькі сутак зніклі святло, вада, мабільная сувязь. Па ўсёй краіне былі перабоі ў працы чыгункі, парушалася электразабеспячэнне.

“У больш як ста тысяч чалавек парушыўся нармальны лад жыцця, былі пастаўленыя пад пагрозу забеспячэнне і гандаль прадуктамі харчавання, парушаная пастаўка вады і работа каналізацыйных сетак, спыненая работа прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку з патэнцыяльна небяспечным для навакольнага асяроддзя тэхналагічным цыклам”, — падсумоўвае альянс “Зялёная Беларусь” наступствы ўраганаў.

Стыхія паказала, што дзяржава была негатовая. І, адпаведна, не папярэдзіла людзей пра верагоднасць моцнага ветру і разбурэнняў.

“Гэты ўраган немагчыма было прадухіліць! Прадказаць ураган загадзя практычна немагчыма, але заўсёды існуе магчымасць аператыўна, на працягу 15–20 хвілін (праз sms, FM-радыёстанцыі) папярэдзіць насельніцтва таго ці іншага рэгіёна аб небяспечнай атмасфернай з’яве і парадку дзеянняў грамадзян падчас яго”, — звяртае ўвагу альянс.

Альянс “Зялёная Беларусь” выпрацаваў шэраг прапаноў на гэты конт.

Трэба ўдасканаліць сістэму апавяшчэнняў і прагназавання надвор’я. Небяспечныя атмасферныя з’явы цяжка прадказаць вельмі загадзя, але можна — тут і цяпер. І адразу ж разаслаць абвесткі насельніцтву: на тэлефоны, у мабільныя прыкладанні, абвясціць па радыё.

Забяспечыць альтэрнатыўнае энергазабеспячэнне. Галоўным чынам тут гаворка вядзецца пра бальніцы, вадаканалы і іншыя важныя ўстановы. 

Чаму б не патрэніраваць паслядоўнасць дзеянняў падчас паводкі, урагану, ляснога пажару? Інфармаванне людзей пра правілы паводзінаў у такіх сітуацыях таксама б не зашкодзіла.

Дзяржструктурам і арганізацыям варта лепш камунікаваць між сабой. Магчыма, дапамагло б стварэнне аператыўных штабоў з ліку тых структур, якія могуць уплываць на бяспеку людзей і ліквідацыю наступстваў стыхійнага здарэння.

Разбураць грамадскі сектар усё ж было дрэннай ідэяй. Менавіта недзяржаўныя арганізацыі і валанцёры могуць аператыўна далучацца да дапамогі людзям падчас надзвычайнага здарэння і навучаць людзей правілам паводзінаў.

Больш устойлівая інфраструктура — меншы ўрон. Варта ўкараняць сучасныя падыходы ў гарадской планіроўцы, новыя будаўнічыя рашэнні, пашыраць выкарыстанне сонечнай, ветравай, біягазавай энергіі.

Планаваць будучыню з улікам кліматычных змен. Яны ўплываюць наўпрост на эканоміку, развіццё гарадоў, сельскай гаспадаркі і г.д.

Час прызнаць, што прырода — не толькі нашае багацце, але і крыніца небяспекі. І мы можам быць да яе лепш падрыхтаванымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі