Самыя магутныя ўраганы ў гісторыі Беларусі: вялізны ўрон і сутыкненне самалётаў
Якімі былі ўраганы ў Беларусі?
Такіх магутных ураганаў, як тыя, што пранесліся на мінулым тыдні над Беларуссю, не прыгадаюць нават старажылы.
"За 70 гадоў жыцця не было такога, каб увесь горад стаў", — кажа жыхар Мазыра.
Ці было нешта падобнае ў Беларусі раней? Еўрарадыё ўзгадвае самыя моцныя ўраганы, якія накрывалі нашу краіну.
Мінус паўтара трыльёна з бюджэту за сем хвілін
Адзін з самых разбуральных ураганаў абрынуўся на Беларусь 23 чэрвеня 1997 года. Ён пачаўся ў Люблінскім ваяводстве Польшчы і за пятнаццаць хвілін разбурыў каля дзвюх тысяч дамоў і яшчэ чатыры тысячы пашкодзіў. Адзін чалавек загінуў, сямёра атрымалі траўмы.
Пазней ураган прайшоўся па Украіне і пад вечар дабраўся да Беларусі.
Хуткасць ветру ў некаторых раёнах дасягала 32 м/с. За сем хвілін ад стыхіі пацярпелі 695 беларускіх населеных пунктаў. Былі разбураныя 376 дамоў і 208 пабудоў, яшчэ 7200 дамоў пашкоджаныя. Тады загінула пяць чалавек, яшчэ 50 шпіталізавалі з траўмамі.
Першапачаткова шкоду ад урагану ацанілі ў 800 мільярдаў беларускіх рублёў, але пазней лічбу павялічылі да паўтара трыльёнаў рублёў.
Спыніліся нават цягнікі
Яшчэ адзін магутны ўраган пранёсся над Беларуссю ў ліпені 2004 года.
Стыхія вывела са строю больш за 200 кіламетраў высакавольтных ліній і спыніла рух цягнікоў.
Тады пацярпелі 148 населеных пунктаў у 28 раёнах краіны, былі пашкоджаныя дахі больш за 320 будынкаў. 642 населеных пункта засталіся без электрычнасці. На шчасце, абышлося без пацярпелых.
Буйны "Кірыл"
У 2007 годзе на Еўропу абрынуўся ўраган "Кірыл". Тады ад ветру пацярпелі 2088 беларускіх населеных пунктаў і яшчэ 1890 былі абясточаныя.
Хуткасць ветру дасягала 20 м/с з парывамі да 27 м/с, 4 чалавекі атрымалі траўмы.
Налёт на Мядзел
Гвалтоўная стыхія абрынулася на Мядзельскі раён у 2010 годзе. Навальніца доўжылася ўсяго 15 хвілін, але пакінула пасля сябе занадта разбуральныя наступствы.
Спачатку наляцеў вецер з хуткасцю 25 м/с, а пасля пайшоў буйны град.
У выніку пацярпелі тысячы населеных пунктаў, былі пашкоджаныя дахі 397 дамоў і 513 сельгаспабудоў. Без электрычнасці аказаліся 2072 населеныя пункты. Падчас непагадзі абышлося без чалавечых ахвяр.
Знесла нават самалёт
У 2016 годзе моцны ўраган прайшоў па Беларусі ў сярэдзіне ліпеня. Парывы ветру дасягалі 25 м/с.
Тады пацярпелі 578 населеных пунктаў і каля 10 га лесу. Ураган нанёс шкоду сотням сельгасаб'ектаў, пашкодзіў дахі жылых дамоў, ператварыў вуліцы ў рэкі і нават сутыкнуў самалёты ў мінскім аэрапорце. Некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі траўмы.
Крыху гісторыі
Ураганы — не такая ўжо і рэдкая з'ява для Беларусі. Часцей за ўсё ў нашых краях яны здараюцца ў перыяд з траўня па верасень, тлумачыў Еўрарадыё кліматолаг У. Шумак.
Як узгадвала "Палатно", у 1848 годзе моцны ўраган прайшоўся па тэрыторыі цяперашняй Віцебскай вобласці — ад Лепеля да Суража.
А ў 1927 годзе ў Асіповіцкім раёне смерч знёс каля ста двароў і нават перавярнуў таварны цягнік. У 1956 годзе смерч прайшоўся па Міншчыне: былі пашкоджаныя дамы, масты і лініі электраперадач.
Шумак кажа, што моцныя ўраганы фіксаваліся ў 1967 і 1969 гадах у Докшыцах — тады хуткасць ветру дасягала 40 м/с.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.