Правілы бяспекі: што трэба і чаго нельга рабіць падчас урагану
Наступствы ліпеньскай непагадзі
Сапраўдныя ўраганы перастаюць быць рэдкасцю для Беларусі. За апошні тыдзень стыхія нанесла нямала шкоды розным рэгіёнам краіны, а самая магутная бура забрала жыцці шасці чалавек.
Як паводзіць сябе ў непагадзь? Еўрарадыё паглядзела, якія рэкамендацыі па бяспецы падчас ураганаў дае МНС, і расказвае асноўнае.
Колькасць ураганаў у Беларусі будзе толькі расці. Расказвае кліматычны эксперт
Правіла першае: не выходзьце з будынкаў. Ратавальнікі раяць адысці ад вокнаў і заняць бяспечнае месца ля ўнутраных сцен, у ваннай, прыбіральні, кладоўцы ці нават пад сталом.
Другое: адключыце электраэнергію, закрыйце краны газавых сетак і патушыце агонь у печы (калі жывяце ў такім доме). Калі цёмна, выкарыстоўвайце ліхтары або свечкі. І па магчымасці абклейце шыбы вокнаў папяровымі стужкамі або скотчам.
Калі вы на вуліцы, не хавайцеся пад высокімі дрэвамі — наадварот, трэба адысці ад іх на 30-40 метраў. Каля сцен дамоў таксама хавацца нельга, бо з даху можа падаць шыфер або іншыя матэрыялы. На прыпынках грамадскага транспарту або пад рэкламнымі шчытамі таксама ў буру нельга стаяць. Як мага хутчэй (калі ёсць такая магчымасць) схавайцеся ў падземным пераходзе або пад'ездзе будынка. Калі вы ў полі ці ў іншым месцы далёка ад вялікіх будынкаў, МНС рэкамендуе ісці да магістральных дарог: там ёсць вялікая верагоднасць, што вас заўважаць і дапамогуць.
Ад паездак на далёкія адлегласці лепш адмовіцца. Таксама рэкамендуюць не паркаваць аўтамабіль каля старых дрэў.
Важна! Калі ў вас ёсць дзеці — абавязкова трымайце іх побач і сачыце, каб яны нікуды не ўцяклі. Калі дзеці ў іншым месцы, яны павінны выконваць базавыя рэкамендацыі па бяспецы. У выпадку атрымання абвесткі аб хуткай непагадзі лепш не адпускайце іх далёка ад дому.
У выпадку экстранай сітуацыі тэлефануйце 101 або 112.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.