Што звязвае пераможцу "Еўрабачання" Loreen і Беларусь
Loreen / EBU
Двойчы пераможца "Еўрабачання", шведская спявачка Loreen ведае пра Беларусь не толькі як пра адну з краін, якая калісьці ўдзельнічала ў конкурсе. Звязваюць артыстку з нашай краінай не роднасныя сувязі, але грамадзянскія: яна актыўна цікавіцца правамі чалавека ў свеце — і імкнецца падтрымліваць розныя ініцыятывы.
У 2012 годзе, пасля першай перамогі на "Еўрабачанні", Loreen выступала на "Славянскім базары". Пасля гэтага яна не вярнулася ў Швецыю, а сустрэлася з праваабаронцамі цэнтра "Вясна" і Наталляй Пінчук — жонкай Алеся Бяляцкага, які ў той момант знаходзіўся ў турме.
"Асабліва яе цікавілі ўмовы ўтрымання Бяляцкага ў турме, колькасць палітвязняў, умовы захавання правоў чалавека, свабода слова ў Беларусі, "маўклівыя пратэсты", — пісалі летам 2012-га пра сустрэчу, якая доўжылася некалькі гадзін, у ПЦ "Вясна".
Loreen і Наталля Пінчук / ПЦ "Вясна"
Тады ж Loreen падпісала петыцыю беларускіх праваабаронцаў з заклікам да забароны смяротнага пакарання ў Беларусі. З'явілася ў яе і цішотка з Алесем Бяляцкім — такія ў Еўропе ўвайшлі ў моду пасля прысуджэння яму Нобелеўскай прэміі міру ў 2022-м.
Loreen у цішотцы з Алесем Бяляцкім
"Для мяне праца з правамі чалавека вельмі важная. Я добра жыву, і хачу, каб людзі вакол мелі такую ж магчымасць. І ўзаемная павага — вельмі важная рэч", — казала спявачка ў інтэрв'ю Еўрарадыё ў жніўні 2012-га.
Пазней, у 2013-м, падчас сустрэчы з карэспандэнтамі Еўрарадыё ў Швецыі Loreen зноў выказвала цікавасць да тэмы свабоды ў Беларусі і падпісала аўтограф да ўсіх беларусаў "Свабода заўсёды ў вашых сэрцах".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.