Шведскі добраахвотнік купіў дамок у 50 кіламетрах ад фронту. Але навошта?

Навошта швед купіў дом ва Украіне ў 50 кіламетрах ад фронту? / pixabay

Навошта швед купіў дом ва Украіне ў 50 кіламетрах ад фронту? / pixabay / @rubanau_collage

Раўта — шведскі добраахвотнік, ён ваюе ва Украіне ў складзе Другога Інтэрнацыянальнага легіёна. І цяпер у Харкаўскай вобласці ёсць месца, куды ён будзе вяртацца, каб апісваць у дзённіках, што здарылася з ім "на нулі".

У 53-х кіламетрах ад фронту Раўта купіў невялікі вясковы дамок. Патрабаванне да дома было адно: ён павінен знаходзіцца на дэакупаванай тэрыторыі.

Мне захацелася, каб тут, ва Украіне, у мяне было месца, якое я змагу назваць домам.

Да таго ж бяздзейнасць паміж баявымі выхадамі для мяне рабілася часам невыноснай, і я спрабаваў знайсці тут, ва Украіне, нешта падобнае да таго, што ёсць у мяне дома. Нейкі праект, над якім я заўсёды змагу працаваць, якім я заўсёды заняты.

Дом — гэта якраз такі праект.

 

"Думаю, варта даведацца, дзе мінныя палі, перш чым ісці ў грыбы"

Было нескладана, дом знайшоўся хутка. Асноўная цяжкасць — аформіць паперы. Гэта заняло больш часу, чым разлічваў Раўта, і таму ў сваім новым ўкраінскім доме ён пакуль змог пражыць ўсяго тры тыдні. Гэтага хапіла, каб пазнаёміцца з суседзямі.

Шведский доброволец купил домик в 50-ти километрах от фронта. Но зачем?
Шаўрон Другога Інтэрнацыянальнага легіёна

— Забаўна бачыць, як людзі рэагуюць, даведаўшыся, што іншаземец купіў дамок у Харкаўскай вобласці. Адно з першых пытанняў звычайна: "Як далёка гэта ад лініі фронту?"

Насамрэч я не думаю, што жыць там небяспечна. У нашай вёсцы даволі ціха, і ты не чуеш гукаў ракет. Людзі скідаюць фота з найбліжэйшага вялікага горада — так, там відаць вынікі абстрэлаў, выбухаў. Але ў маёй вёсцы на працягу ўсіх тыдняў, што я правёў там, было ціха.

Побач з новым домам Раўты мінныя палі. "Думаю, варта высветліць, дзе канкрэтна яны размешчаныя, перш чым ісці ў грыбы", — задуменна кажа швед. Зрэшты, тут ён таксама разлічвае на дапамогу мясцовых яны нядрэнна ведаюць, куды ў ваколіцах вёскі лепш не хадзіць.

Плюс пастаянна ідзе размініраванне, так што з часам сітуацыя будзе лепшай.

Шведский доброволец купил домик в 50-ти километрах от фронта. Но зачем?
Дом Раўты ў Харкаўскай вобласці

Але ў грыбы — потым. Проста цяпер Раўта едзе дадому, у Швецыю — ён не быў там амаль два гады, з пачатку поўнамаштабнай вайны. Тым часам за яго новай вясковай хаткай прыглядае сусед. Незадоўга да нашага інтэрв'ю ён з дапамогай анлайн-перакладчыка пісаў Раўту на шведскай: маўляў, усё пад кантролем.

Раўта дамовіўся з суседзямі, што тыя часам будуць зазіраць да яго, асабліва калі тэмпература апусціцца нізка — правяраць, ці не замерзлі трубы і газавы балон, ці не прыходзілі няпрошаныя госці. Суседзі ў курсе, якое абсталяванне Раўта пакінуў у доме, і могуць праверыць, ці ўсё на месцы.

Часам мы карыстаемся анлайн-перакладчыкамі, але ў асноўным проста гаворым — і неяк само сабой атрымліваецца, што разумеем адно аднаго. Калі побач няма ні перакладчыкаў, ні англамоўных суседзяў, мова вучыцца хутчэй.

Украінскую Раўта разумее лепш, чым рускую. "Гарно" для яго зразумелае слова. "Красиво" незнаёмае.

 

"Калі ў іх ёсць карова, яны прапануюць свежага малака, калі яны толькі што прыгатавалі ежу частуюць"

Да таго як прыехаць на вайну ва Украіне, Раўта ваяваў у Афганістане. І зносіны з мясцовымі жыхарамі там былі зусім іншыя.

Калі шчыра, у нас з афганцамі так шмат культурных адрозненняў, што нават калі б мы гаварылі на адной мове, усё роўна не заўсёды разумелі б адно аднаго. Адрозніваецца ўсё — рэлігія, лад жыцця, адрозніваецца нават тое, як мы думаем.

Тут, ва Украіне, усе вельмі добразычлівыя, спрабуюць дапамагчы ўсім, чым могуць. Я не сустракаў па-прарасійску настроеных людзей — імаверна, яны ёсць, проста ў мяне няма досведу зносін з імі. Усе, каго я сустракаў, вельмі нас падтрымлівалі.

Гасціннасць проста неверагодная, ты ўсюды дарагі госць. З якімі б праблемамі ты ні сутыкаўся, мясцовыя заўсёды спыняюцца і прапануюць дапамогу. Калі ў іх ёсць карова, яны прапануюць свежага малака, калі яны толькі што нешта прыгатавалі — прыходзяць цябе пачаставаць.

Шведский доброволец купил домик в 50-ти километрах от фронта. Но зачем?
"Калі ў іх ёсць карова, яны прапануюць свежага малака, калі яны толькі што нешта прыгатавалі — яны прыходзяць цябе пачаставаць" / pixabay

І ў выніку ты ўсё больш адчуваеш сябе як дома.

Ведаеце, што кранае мяне асабліва? Ты прыязджаеш у вёску — і гэта апошняя вёска на шляху да лініі фронту, да "нуля" ўсяго пяць кіламетраў — і бачыш, як жывуць мясцовыя жыхары. Яны выходзяць з дому, яны гатуюць нармальную ежу — так, там няма электрычнасці, але ў іх ёсць дрывяныя печы. Яны стрыгуць траву каля дома — калі ў іх няма генератара, яны могуць выкарыстоўваць бензінавую газонакасілку. І ты думаеш — а ты б паводзіў сябе гэтак жа паміж артылерыйскімі абстрэламі? Гэта дзівосная ўстойлівасць.

У іх ёсць падвалы — падчас абстрэлаў яны могуць хавацца там (хоць, паводле маіх назіранняў, не робяць гэтага). У іх ёсць запасы ежы на месяцы, у іх ёсць калодзежы — і таму заўсёды ёсць вада.

І гэта тое, чаму могуць пазайздросціць людзі ў іншых краінах. У нас, напрыклад, у дамах няма калодзежаў, печаў і запасаў ежы на некалькі месяцаў. У нас няма плана: што з намі будзе, калі мы застанемся без электрычнасці надоўга? І гэта тое, што я хацеў бы вярнуць, гэта тое, што мы страцілі — але што захавалі людзі ва Украіне.

 

"Суседзі проста з'яўляюцца ў дзвярах і прапануюць дапамогу"

Раўта 8 гадоў таму пераехаў з кватэры ў прыватны дом у невялікім населеным пункце Швецыі. І спадзяецца, што яму больш ніколі не давядзецца жыць у шматкватэрным доме.

Вонкава дамок, які купіў Раўта ва Украіне, адрозніваецца ад яго шведскага дома — гэта проста невялікая драўляная скрыначка. І вуліца, на якой ён стаіць, адрозніваецца ад шведскай вуліцы. У Швецыі, кажа Раўта, прыватныя дамкі не будуць падобныя, ва ўкраінскай жа вёсачцы яны даволі аднатыпныя.

І хоць гэты дом больш падобны на тыя, у якіх Раўта жыў у чаканні баявых выхадаў свайго падраздзялення, ён нагадвае яму менавіта пра яго шведскі дом, а не пра штурмы.

Суседзі вельмі спагадныя. Яны звычайна проста з'яўляюцца ў дзвярах і прапануюць дапамогу. Спачатку яны дапамагаюць мне, а потым мы ідзём у іх дамы — там таксама заўсёды ёсць чым заняцца. Мой дом не пацярпеў ад вайны — але так пашанцавала не ўсім хатам у гэтай вёсцы.

Часам трэба дапамагчы памяняць вокны, часам — дапамагчы з транспартам... А часам трэба пакарміць чыюсьці карову. Гэта досыць нагадвае тое, як ішлі справы ў мяне дома ў Швецыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі