Сталічны клуб “Пляцоўка Хол” спыніў існаванне
Клуб “Пляцоўка Хол” спыняе сваё існаванне. Як паведамляе Tuzin.fm са спасылкай на арт-дырэктарка клуба Святлана Рамонку, установа не можа выканаць цяперашнія ўмовы арэнды. Святлана дадала, што каманда “Пляцоўкі” збіраецца адкрыць новы клуб — пад іншай назвай і ў іншым месцы. Цяпер ідзе пошук памяшкання. Што будзе на месцы “Цэнтра-Пляцоўкі Хол” пакуль невядома.
Клуб пачаў працу ў верасні 2015 года на месцы клуба “Цэнтр”, у будынку Палаца Рэспублікі. Дырэкцыя адразу ж абвясціла курс на беларускасць: стаўка рабілася на канцэрты айчынных выканаўцаў, антураж у нацыянальным стылі, беларускую кухню, беларускамоўны персанал.
Да канца года тут прайшло з дзесятак разнайстайных імпрэзаў. Сярод іх — канцэрты гуртоў Amaroka, Navi, “Разбітае сэрца пацана”, прэзентацыя новага альбому Vinsent’а і прэмія “Героі года”. Тут жа меркавалася правесці ў 2016-м такія імпрэзы, як “Адборышча” і прэзентацыя альбому гурта Dzieciuki.
На пачатку новага года праз непаразуменні сярод заснавальнікаў новага месца, клуб часова прыпыніў працу. Адны вырашылі займацца іншым клубам — Burlesque, другія — працягваць справу і перааформіць дакументы.