"Стары Ольса" назбіраў 30 тысяч долараў: выдае дыск і едзе на гастролі ў Амерыку
Гурт "Стары Ольса" праз краўфандынгавую платформу Kickstarter сабраў 30 тысяч долараў. Прычым, першапачаткова камандзе была патрэбная сума ў 7 тысяч долараў для запісу альбома сярэдневечных кавераў на песні Metallica, Nirvana і іншых культавых каманд ХХ стагоддзя, якія надта спадабаліся замежным слухачам. Аднак сем тысяч былі сабраныя за тыдзень, а да канца вызначанага тэрміну сума нечакана дасягнула 29 890 долараў.
"У нас вельмі шмат запрашэнняў з розных краінаў, але найбольш — з ЗША. У Амерыцы бяруцца арганізаваць нашы канцэрты ў розных гарадах і штатах, дыяспара падключылася, і Канада тут жа падаспела, — распавядае лідар калектыву Зміцер Сасноўскі. — Таму другая мэта стаяла, і мы абазначылі яе на "Кікстартары" — падтрымка амерыканскага тура. Адпаведна, тое, што застанецца пасля запісу альбома, будзе патрачанае на авіяпералёт, дарагія працоўныя візы, арэнду транспарту, пражыванне і харчаванне. Бо на думку нашага прадзюсара, першы прыезд у Амерыку для многіх гуртоў не дае магчымасць зарабіць. Гэта, хутчэй, знаёмства з фестывалямі, прадзюсарскімі цэнтрамі і клубамі. Таму мы ставім мэту, каб у нас хапіла грошай для паездкі ў Амерыку, і мы не шмат сваіх патрацілі".
Тур "Старога Ольсы" па Амерыцы і Канадзе прызначаны на жнівень-верасень 2016 года. Дагэтуль першапачатковым накладам у тысячу асобнікаў у ЗША каманда выпусціць дыск кавераў пад назвай "Medieval Classic Rock". Пытаннем узгаднення аўтарскіх правоў займаецца кампанія "24 Hour Distribution" і амерыканскі мэнэджар "Старога Ольсы" Джанін, якая сама выйшла на гурт і прапанавала супрацоўніцтва. Па словах Сасноўскага, гурт хоць і не чакаў падобнага поспеху, але яго заслужыў:
"Думаю, што тут сыграла ролю ўсё: наша музыка і манера падачы, якой мы вельмі ганарымся, бо яна вельмі адпавядае традыцыям, інструменты, імкненне, каб яны гучалі натуральна і наша прачытанне кавераў. Бо людзі, якія нам пісалі з усяго свету, казалі, што іх найперш, канечне, зацікавілі каверы, а пасля яны ўжо лазілі па нашым сайце і слухалі старадаўнюю музыку".
Сярод краін, жыхары якіх найбольш ахвотна падтрымлівалі збор сродкаў для "Старога Ольсы" — ЗША, Вялікабрытанія, Беларусь, Аўстралія і Канада. Дарэчы, 15 красавіка ў сталічным Маладзёжным тэатры эстрады "Стары Ольса" прэзентуе новы канцэртны альбом "Кола рыцэрска".