Супраць каго, паводле легенды, змагаецца NATO падчас вучэнняў у Польшчы?

Супраць каго, паводле легенды, змагаецца NATO падчас вучэнняў у Польшчы?

У Польшчы працягваюцца вучэнні NATO “Анаконда-2016”. У іх удзельнічае каля 31 тысячы вайскоўцаў, каля 3000 адзінак баявой тэхнікі — танкі, самалёты, верталёты, а таксама 12 караблёў. Агулам — сілы з 24 краін, у тым ліку ўкраінскія і грузінскія вайскоўцы.

Мэта вучэнняў — “праверыць магчымасці альянсу па абароне яго ўсходняга флангу”.

Паводле сцэнару, паміж двума саюзамі адбываецца канфлікт. У адзін з іх уваходзіць Польшча, краіны Балтыі і іншыя дзяржавы, у другой — прыдуманыя краіны. Развіццё сітуацыі прадугледжвае анексію, дэстабілізацыю ў рэгіёне Балтыйскага мора, узмацненне гібрыдных пагрозаў і ўварванне. Польшча просіць дапамогі NATO, і альянс імгненна рэагуе.

Дырэктар палітычнага кабінета Міністэрства абароны Польшчы Барталамей Місевіч кажа, што гэта найбуйнейшыя вучэнні польскай арміі з 1989 года:

“Гэтыя вучэнні будуць ладзіцца цягам наступных двух тыдняў на польскіх палігонах. У вучэннях паўдзельнічаюць 12 тысяч польскіх салдат. Упершыню будуць удзельнічаць сілы тэрытарыяльнай абароны. Гэта вельмі важнае вучэнне для нас, бо мы хочам абмяняцца досведам з нашымі партнёрамі і саюзнікамі”, — цытуе Місевіча сайт Міністэрства абароны Польшчы.

Гэта не першыя вучэнні краін NATO за апошнія некалькі гадоў у рэгіёне. Летась на тэрыторыі Польшчы і балтыйскіх краін праводзіліся буйныя манеўры пад назвай “Саюзніцкі шчыт” (Allied Shield). Тады адпрацоўвалася павелічэнне сілаў на ўчастку найбольшай небяспекі. Краіны балтыйскага ўзбярэжжа цяпер лічацца найбольш уразлівым звяном NATO праз вялікую колькасць рускамоўнага насельніцтва і неспрыяльнае геапалітычнае становішча.

Знешні праціўнік, гібрыдная вайна, блакада краін Балтыі

 

За год да гэтага, у лістападзе 2014-га, у Балтыйскіх краінах таксама праводзіўся шэраг вучэнняў, накіраваных на адпрацоўку і ўзаемадзеянне воінскіх частак NATO.

У Эстоніі — “Злучаны трызубец” (Trident Juncture), у ім 1,5 тысяч вайскоўцаў і цывільных спецыялістаў з 20 краінаў альянсу адпрацоўвалі гатоўнасць праводзіць абарончыя, наступальныя і стабілізацыйныя аперацыі. Паводле сцэнару, тады на Эстонію напала буйная дзяржава.

Паралельна ў Літве праходзілі вучэнні “Жалезны меч 2014” (Iron Sword 2014). Там удзельнічала каля 2,5 тысяч вайскоўцаў і 300 адзінак вайсковай тэхнікі з 9 краінаў. Паводле легенды, вялася адпрацоўка ўзаемадзеянняў частак NATO і гатоўнасці праводзіць іх абарончыя, наступальныя і стабілізацыйныя аперацыі.

Вучэнні “Anakonda” праводзяцца Аператыўным камандаваннем Узброеных сілаў Польшчы кожныя два гады пачынаючы з 2006-га. У 2012-м яны сталі міжнароднымі і трапілі ў план вучэнняў NATO. Тады да польскіх вайскоўцаў далучыліся салдаты з ЗША і Канады. У 2014 годзе Anakonda сабрала 12,5 тысяч салдат з 8 краін. Сёлета манеўры сталі шостымі па ліку, трэцімі ў міжнародным вымярэнні і самымі маштабнымі за ўсю іх гісторыю. Яны будуць цягнуцца да 17 чэрвеня. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі