Сямашка прапануе стварыць "брыгады якасці"
На думку першага віцэ-прэм'ера , яны параўнаюць айчынную тэхніку з замежнай і падкажуць, як палепшыць беларускую вытворчасць.
Уладзімір Сямашка прапанаваў, каб у "брыгады якасці" ўвайшлі спецыялісты Дзяржстандарта, Нацыянальнай акадэміі навук, Мінсельгасхарча, Мінпрама і іншых зацікаўленых ведамстваў. Заява прагучала на сумеснай калегіі Мінпрама, Мінсельгасхарча і Дзяржстандарту па якасці, перадае БЕЛТА.
Па словах Сямашкі, па сукупнасці характарыстык "якасць-сэрвіс" прадукцыя беларускіх машынабудаўнікоў карыстаецца заслужаным попытам на традыцыйных рынках збыту. Дзве траціны вырабленай прамысловай прадукцыі Беларусь пастаўляе на экспарт. Чыноўнік адзначыў, што неканкурэнтаздольную прадукцыю прадаць на сусветных рынках было б немагчыма — значыць, па тэхнічных характарыстыках, якасці і цане яна задавальняе спажыўцоў. Ад 2005 па 2013 год айчынныя прампрадпрыемствы рэалізавалі прадукцыі сельскагаспадарчага машынабудавання на 22,3 мільярда долараў, у тым ліку на ўнутраным рынку — на 6,8 млрд долараў.
Тым не менш задача па павышэнні якасці прадукцыі з беларускіх машынабудаўнікоў не здымаецца, заявіў Сямашка.
Фота — bragazeta.ru