Сям'я Сафіі Сапега чакае спаткання з ёй — папярэдняе было год таму
Сафія Сапега на судзе / sb.by
Сям'я расіянкі Сафіі Сапега чакае спаткання з ёй, папярэдняе было год таму. Пра гэта расійскаму інфармагенцтву "Спутнік" расказаў яе айчым Сяргей Дудзіч.
"Чакаем спаткання, але пакуль не даюць. І консульства выступала з хадайніцтвам, але пакуль не даюць нам спаткання з ёй", — кажа Дудзіч.
Сапега асуджаная на 6 гадоў пазбаўлення волі за адміністраванне тг-канала "Чорная кніга Беларусі". Генпракуратура Беларусі пагадзілася перадаць яе ў Расію, каб яна працягвала адбываць пакаранне там. Цяпер матэрыялы па ёй паступілі ў Прэсненскі суд Масквы.
Аднак сама дзяўчына дагэтуль застаецца ў Беларусі і чакае экстрадыцыі.
Сафію Сапега затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам. Тады беларускія ўлады падманам пасадзілі ў Мінску самалёт кампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Пратасевіч і Сапега якраз ляцелі гэтым рэйсам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.