Сястра Калеснікавай просіць забяспечыць Марыі нармальнае харчаванне і лячэнне

Марыя Калеснікава

Марыя Калеснікава

Сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч апублікавала зварот у сувязі з сітуацыяй, у якой аказалася Марыя. Нагадаем, Калеснікаву асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі, і ў цяперашні момант яна адбывае пакаранне ў Гомельскай ПК-4.

"У лістападзе 2022 года Марыю шпіталізавалі з перытанітам з-за прабадной язвы і зрабілі аперацыю. Ужо больш за 560 дзён інфармацыю пра Марыю я збіраю па драбінках — ад жанчын, якія сядзяць і выходзяць з калоніі", — адзначае Таццяна. Апошні ліст ад Марыі сям'я атрымала ў лютым 2023 года. Да Марыі не можа патрапіць адвакат, ёй забароненыя пасылкі.

Паводле інфармацыі Таццяны, цяпер Марыя фактычна галадае ў калоніі. Яна важыць 45 кг пры росце 175 см. З-за хваробы ёй прызначаная дыета, але яна не можа есці многае з турэмнага меню.

"Карміць хворага на язву баландай — гэта катаваць яго і павольна забіваць. Не даваць чалавеку права на перапіску з сям'ёй — паскараць гэтую смерць. Маша не ведае, ці жывы тата і як яго здароўе. Мы не ведаем, як яе кормяць і лечаць", — адзначыла Таццяна.  У адміністрацыі калоніі на звароты сям'і не адказваюць. У гэтай сувязі яна публічна звярнулася да ўсіх, хто ў стане паўплываць на сітуацыю. Таццяна просіць забяспечыць Марыі неабходнае харчаванне, даць ёй неабходнае абследаванне і лячэнне, дапусціць да яе родных і аднавіць перапіску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі