Сын Замяталіна ў судзе не прызнае ні сваёй віны, ні пазову ў 81 млрд рублёў

У Заводскім судзе Мінску ідзе працэс над сямю чалавекамі, якіх вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Сярод іх — Дзяніс Замяталін, сын былога намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзіміра Замяталіна.

4 сакавіка Дзяніс Замяталін і яшчэ 6 фігурантаў справы выказаліся наконт новага абвінавачання, якое ім выставілі на апошнім слуханні. Як перадае Радыё "Свабода", Замяталін зноў не прызнаў сябе вінаватым і зноў заявіў, што доказы ягонай віны ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў складзе злачыннай групоўкі былі, нібыта, сфальшаваныя следствам. Замяталін заявіў, што следства незаконна выкарыстала матэрыялы аператыўнага праслухоўвання яго і іншых абвінавачаных па справе. Таксама ён казаў пра фальшаванне звестак, якія следчыя ўзялі з яго ды іншых камп'ютараў, якія фігуруюць у справе.

Следства лічыць, што Дзяніс Замяталін быў адным з арганізатараў злачыннай групоўкі, якая з 2008 па 2010 год нібыта займалася незаконнымі фінансавымі аперацыямі, у тым ліку давала фальшывыя справаздачы пра выплату падаткаў. Дзянісу Замяталіну і шасці яго саўдзельнікам пагражае да 7 гадоў зняволення. Гэта Юры Клімовіч, Аляксей Саган, Анатоль Падпратаў, Аляксандр Іваноў, Іван Макаранка і Аляксандр Бясклубны. Падсудным выставілі грашовыя пазовы на 81 мільярд 315 мільёнаў рублёў. Усе сямёра не прызналі гэтага пазову.

Дарэчы, гэта ўжо другі разгляд справы, якая пачалася яшчэ ў 2010 годзе. У 2012 годзе Замяталіна і іншых фігурантаў справы раённы суд апраўдаў, але пракуратура абскардзіла рашэнне. Мінскі гарадскі суд пацвердзіў апраўдальны прысуд, але Вярхоўны суд адмяніў яго і адправіў матэрыялы на новы разгляд. У ліпені 2013 года Дзяніса Замяталіна зноў арыштавалі і з таго часу трымаюць у СІЗА на Валадарскага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі