TerraKod выдалі “Piracki” сінгл, у якім замест фолку гучыць фэнтэзі

TerraKod выдалі “Piracki” сінгл, у якім замест фолку гучыць фэнтэзі

Гурт TerraKod выклаў у сеціва свежы “Piracki” сінгл. Праца дэманструе новае гучанне калектыву: больш цяжкі збалансаваны саўнд і поўны пераход да аўтарскіх тэкстаў. Замест лірыкі “новай школы фолк-метала” цяпер — фэнтэзійная пірацкая тэматыка. Упершыню з’яўляецца ў творчасці гурта і англійская мова, на якой выкананая кавер-версія “Калыханкі” гурта Sciana. Звядзенне і майстарынг выкананыя Раманам Грынбергам.

“У нас цяпер пераходны перыяд, мы пакрысе адыходзім ад фолк-метала, — каментуе вакалістка гурта Кася. — Таксама адыходзім ад гэтых пастаянных развагаў пра тое, ў якім стылі грае гурт, што лічыць фолк-металам і як уласна называецца наш стыль. Мы — беларускі метал-бэнд і цяпер мы граем вось так, а ўсё астатняе — дэталі. Не факт, што ўвесь альбом будзе такім цяжкім і не факт, што фолкавы складнік знікне зусім. Чакайце новыя запісы і прыходзьце на канцэрты”.

Бліжэйшыя выступы гурта адбудуцца ў Мінску 24-га і 25-га сакавіка. 24-га гурт дае вялікі канцэрт у клубе TNT, які пройдзе па сістэме free-donation – кожны зможа заплаціць на ўваходзе столькі, колькі захоча. А 25-га каманда з кароткім сэтам лепшых песень адкрые святочны канцэрт Gods Tower у клубе Re:Public.

На красавік рыхтуецца выданне яшчэ аднаго сінглу і канцэрт у Брэсце. Пацверджаны ўдзел гурта ў вялікім летнім фестывалі “Свята Сонца”, які пройдзе 18-19-га чэрвеня на тэрыторыі комплекса “Дудуткі”. Традыцыйнае штогадовае свята аб’яднае лепшых музыкаў краіны і збярэ майстроў і аматараў народных рамёстваў і пазітыўнага ладу жыцця.

Паводле прэс-рэлізу

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі