У Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі" кнігі Арлова і Бродскага
Кніга Арлова і Татарнікава / Cudounia / facebook.com
Улады Беларусі працягваюць пашыраць літаратурны "чорны спіс". "Экстрэмісцкай" прызнана судом Цэнтральнага раёна Мінска кніга Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава "Айчына: Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi" (2016-га года выдання). Суд Цэнтральнага раёна беларускай сталіцы прызнаў "экстрэмісцкай" кнігу Іосіфа Бродскага "Балада пра маленькi буксiр" (у 2022-м яна выйшла ў выдавецтве "Янушкевіч"). Што ж такога "шкоднага" знайшлі ў дзіцячым вершы?
Выдавец Андрэй Янушкевіч прыгадвае, што калі ў траўні сілавікі забіралі кнігі ў "Кнігаўцы" ў Мінску, ён пацікавіўся ў іх начальніка, што не спадабалася ў кнізе нобелеўскага лаўрэата Бродскага. "У адказ я пачуў, што падазронай з'яўляецца афарбоўка буксіра на ілюстрацыях (?!), — піша Янушкевіч. — За ўвесь час ні мне, ні камусьці, хто меў дачыненне да выхаду, нават думка не прыходзіла асацыяваць выявы буксіра цёмна-аранжавага колеру з нашымі нацыянальнымі сімваламі".
Сёлета ў Беларусі былі прызнаныя "экстрэмісцкімі" кніга Віктара Ляхора "Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры", зборнік Змітра Лукашука і Максіма Гарунова "Беларуская нацыянальная ідэя", раман Альгерда Бахарэвіча "Сабакі Еўропы", кнігу Анатоля Тараса "Кароткі курс гісторыі Беларусі IX — XXI стст.", манаграфію Святланы Казловай "Аграрная палiтыка нацыстаў у Заходняй Беларусi: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне". Усе яны — у "рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.