У Беларусі разграмілі кватэру маці загінулага ва Украіне добраахвотніка
Кватэра пасля разгрому / Скрыншот з відэа
У Беларусі разграмілі кватэру маці загінулага ва Украіне добраахвотніка з палка Каліноўскага. Падобныя паказальныя акцыі праводзіць ГУБАЗіК, а пасля публікуе відэа. На гэты раз яны прыйшлі ў кватэру Наталлі Суславай, маці Паўла "Волата". Ён загінуў у траўні 2022-га падчас вызвалення аднаго з украінскіх населеных пунктаў ад расійскіх акупантаў. Нядаўна ў Беларусі супраць Наталлі Суславай распачалі крымінальную справу, яе абвінавачваюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" — за інтэрв'ю тэлеканалу "Белсат". Суслава знаходзіцца ва Украіне.
У лістападзе супрацоўнікі ГУБАЗіКа разграмілі кватэры прэс-сакратара палка Каліноўскага Крысціны "Чабор" і яе мужа. Карныя структуры не могуць дабрацца да палітэмігрантаў у краінах ЕС, да добраахвотнікаў ва Украіне, і ў бяссільнай злосці ламаюць, псуюць мэблю ў іх кватэрах, ці кватэрах іх сваякоў (да гэтага яшчэ дадаліся завочныя суды).
Раней былі разгромлены кватэры шэрагу палітуцекачоў ці іх сваякоў. Сярод іх — Яніна Сазановіч, Вадзім Пракоп'еў, Андрэй Павук, Юльяна Шаметавец, Антон Матолька. Быў разгромлены дом, дзе раней жыла сям'я Валерыя і Веранікі Цапкалаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.