У "Бі-2" выйшаў новы сінгл — "Не злуй маіх анёлаў"
Лёва Бі-2 кажа, што фраза "Не злуй маіх анёлаў" прыйшла яму ў галаву ў аэрапорце Бангкока
У "Бі-2" выйшаў новы сінгл — "Не злуй маіх анёлаў". Песня напісана па слядах прыгод музыкаў у Тайландзе, дзе яны трапілі за краты.
Лёва Бі-2 кажа, што фраза "Не злуй маіх анёлаў" прыйшла яму ў галаву ў аэрапорце Бангкока. У той момант, калі ён нарэшце сеў у самалёт, які накіроўваўся ў Тэль-Авіў. "Тады ж стала ясна, што будзе і песня, і альбом, застаецца толькі напісаць. Я вельмі натхнёны вынікам", — прызнаецца музыка.
Прэм'ера песні адбудзецца 2 кастрычніка на канцэрце гурта ў Барселоне. Там стартуе сусветны тур "Бі-2".
Музыкаў затрымалі ў Тайландзе 24 студзеня 2024-га за канцэрт, на які не было належнага дазволу. Пазней паведамілі, што прычынай затрымання сталі няправільна аформленыя арганізатарамі дакументы. Высветлілася, што яны зрабілі музыкам турыстычныя візы. Суд аштрафаваў іх на 84 долары, было прынятае рашэнне пра дэпартацыю. Некалькі дзён музыкаў трымалі ў перапоўненай камеры.
Ягор Бортнік (Лёва Бі-2) нарадзіўся ў 1972-м у Мінску. У 16 гадоў у Бабруйску заснаваў рускамоўны рок-гурт "Бі-2". У 1992 годзе музыка з'ехаў з Беларусі. У 2020-м ён падтрымаў пратэсты ў нашай краіне, а ў 2022 годзе асудзіў агрэсію РФ супраць Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.