У Дзярждуме РФ абурыліся, што дзецям прапануюць пісаць сачыненне па Алексіевіч

Школьнікам на АДЭ ў Расіі прапанавалі напісаць сачыненне паводле "Чарнобыльскай малітвы" Святланы Алексіевіч

Школьнікам на АДЭ ў Расіі прапанавалі напісаць сачыненне паводле "Чарнобыльскай малітвы" Святланы Алексіевіч / ay.by

У расійскай Дзярждуме патрабуюць разабрацца, хто ўключыў тэкст беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч у Адзіны дзяржаўны экзамен па рускай мове. Адпаведны запыт расійскаму міністру асветы Сяргею Краўцову накіравала кіраўніца камітэта Дзярждумы па абароне сям'і Ніна Астаніна, піша РІА Новости.

Урывак з "Чарнобыльскай малітвы" Святланы Алексіевіч быў сярод тэкстаў датэрміновага АДЭ па рускай мове. Паводле яго прапаноўвалася напісаць сачыненне. Экзамен прайшоў 26 сакавіка. Астаніна лічыць, што творы Алексіевіч "вылучае нянавісць да Расіі і рускай культуры, а таксама да саюзнай Беларусі". Яна патрабуе зладзіць службовую праверку ў дачыненні да тых, хто ўключыў тэкст Алексіевіч у іспыт. Дэпутатка хоча ведаць, "якую мэту мелі гэтыя асобы, заклікаючы новае пакаленне чытаць гэтага аўтара, які атрымліваў ордэны і ўзнагароды ад дзяржаў-чальцоў NATO ў перыяд правядзення СВА". Яна нагадвае, што ў 2021 годзе пісьменніца атрымала ў Германіі ордэн "За заслугі перад ФРГ".

У Расаднаглядзе пазней паведамілі, што творы Алексіевіч не выкарыстоўваліся ў датэрміновым АДЭ. Урывак з "Чарнобыльскай малітвы" чыноўнікі знайшлі на трэніровачных рэсурсах і цяпер заяўляюць, што гэта была "свядомая правакацыя", піша Інтэрфакс.

Пасля задушэння пратэстаў у Беларусі Святлана Алексіевіч была вымушаная эміграваць з Беларусі. Яна асудзіла вайну, якую распачала Расія супраць Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі