У Кубку Дэвіса Беларусь выйграе ў Ірландыі з лікам 2:0 пасля першага дня
У Мінску ідзе тэнісны матч першага круга 2-й групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса Беларусь—Ірландыя. Пасля 1-га дня наперадзе гаспадары — 2:0.
У першай сустрэчы другі нумар гаспадароў Дзмітрый Жырмонт з лікам 6:2, 6:4, 6:2 выйграў у першага нумара гасцей Дэніэла Глэнсі. Затым першы нумар беларускай каманды Ягор Герасімаў узяў верх над другім нумарам ірландцаў Джонам Морысі — 6:4, 6:1, 6:2, перадае БелаПАН.
"Вынік добры, хлопцамі задаволены, — пракаментаваў вынікі першага дня капітан каманды Уладзімір Ваўчкоў. — Бачны патэнцыял на бліжэйшыя некалькі гадоў. Хлопцы галодныя, ёсць куды расці".
Ваўчкоў выказаў надзею, што ў суботу ў парнай сустрэчы будзе вырашаны вынік усяго спаборніцтва. У гэты дзень Максім Мірны і Аляксандр Буры будуць спаборнічаць з Джэймсам Класкі і Дэвідам О`Хара.
Фота — БЕЛТА