У Магілёве не падтрымалі ініцыятыву ўсталявання помніка Лукашэнкам
У Магілёве не падтрымалі ініцыятыву ўсталявання помніка Лукашэнкам. Мясцовы жыхар Аляксей Паўлоўскі назваў праект “Бурлакі на суботніку”. Ён мусіў увекавечыць удзел сям’і кіраўніка дзяржавы ў гэтых мерапрыемствах.
Як інфармуе Радыё Свабода, зварот з 17 подпісамі магілёўцаў Паўлоўскі адпраўляў у Магілёўскі і Мінскі гарвыканкамы. У ім ён назваў дапамогу Лукашэнкаў беларускай гаспадарцы “гістарычнымі падзеямі і грамадзянскім подзвігам”. Ініцыятар паведаміў чыноўнікам, што такі помнік прыцягнуў бы ўвагу турыстаў. Аднак у Магілёўскім гарвыканкаме ідэю палічылі немэтазгоднай. Аляксей Паўлоўскі збіраецца скардзіцца ў аблвыканкам, паколькі аргументаў супраць не атрымаў.
А вось мінскія ўлады адказу яшчэ не далі. Зварот Паўлоўскага будуць разглядаць ідэолагі.
Аўтар ідэі ўсталявання помніка Лукашэнкам кажа, што яго акцыя паказвае, “наколькі трывалыя савецкія традыцыі ў галовах кіраўнікоў Беларусі”. Ён падкрэслівае, што людзей прымушаюць удзельнічаць у суботніках, а адмовіцца яны не могуць. ”Для паказухі робяць карцінку”, — робіць выснову жыхар Магілёва.