У Мінску анархісты перакрылі дарогу (відэа)

Анархісты вечарам перакрылі адну з вуліц горада Мінска. Актывісты расцягнулі на праезнай часткі банер "Свабоду анархісту Мікалаю Дзядку", запалілі фаер і скандавалі "свабоду Мікалаю Дзядку", паведамляе сайт revbel.org. Пры гэтым не вядома, ці быў нехта ў выніку затрыманы.

Як заявілі ўдзельнікі акцыі, такім чынам яны праявілі салідарнасць са сваім таварышам, Мікалаем Дзядком, якому працягнулі тэрмін зняволення яшчэ на адзін год.

Нагадаем, актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка асудзілі на чатыры з паловай гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму ў траўні 2011 года. Яго абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Сярод іншых эпізодаў на судзе фігуравалі напад на расійскую амбасаду і кіданне кактэйляў Молатава ў турму на Акрэсціна. На судзе хлопец не прызнаў сваёй віны і адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Як раней паведамляла Еўрарадыё, 26 лютага ў магілёўскай турме №4 прайшоў новы працэс над Дзядком. Хлопец павінен быў выйсці на волю ў пачатку сакавіка, але суд прызначыў яму дадатковы год турэмнага зняволення. Палітвязня абвінавацілі па 16 эпізодах парушэння турэмнага рэжыму. Пераважная большасць з іх — знаходжанне ў спартыўных штанах або без майкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі