Палітзняволенага Мікалая Дзядка перавялі ў гродзенскую турму
Мікалай Дзядок / Еўрарадыё
Палітзняволенага Мікалая Дзядка перавялі ў гарадзенскую турму, пра гэта паведамляюць праваабаронцы. У турме ён мусіць правесці 2 гады і 10 месяцаў. Такое рашэнне ў канцы чэрвеня прыняў суд Горацкага раёна. Праваабаронцы тады пісалі, што прысуд Мікалай сустрэў спакойна, быў у добрым гуморы.
Мікалай Дзядок — блогер і анархіст. Яго затрымалі ў лістападзе 2020 года. Пазней стала вядома, што пры затрыманні яго збівалі. Яго абвінавацілі па трох артыкулах КК РБ — у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, у закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі і ў незаконных дзеяннях з небяспечнымі прадметамі на аснове гаручых рэчываў. Мікалай не прызнаў віны ні па адным з пунктаў. Тым не менш, у лістападзе 2021 года яго прысудзілі да пяці гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Ужо ў калоніі ён 9 сутак правёў у штрафным ізалятары. А яшчэ раней, у канцы сакавіка, яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу — пакаралі за адмову хадзіць на працу. Ад працы ён адмовіўся ў знак пратэсту за пазбаўленне перапіскі і ціск на іншых асуджаных, якія з ім размаўлялі. У ПКТ яго адправілі на чатыры месяцы.
Праваабаронцы прызналі Мікалая Дзядка палітзняволеным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.