У Мінску хочуць закрыць "Белую Русь" і яшчэ 16 грамадскіх аб'яднанняў
Цягам бліжэйшых двух тыдняў у Мінску пройдуць 17 судовых пасяджэнняў па ліквідацыі грамадкіх арганізацый. Такія звесткі з'явіліся на сайце Мінскага гарадскога суда.
Пераважна пад ліквідацыю трапяць спартовыя і моладзевыя аб'яданні.
На 18 студзеня будуць разглядаць ліквідацыю клуба змяшаных адзінаборстваў "Фенікс". 21 студзеня — моладзевых грамадскіх аб'яднанняў "Дабрадзей" (дабрачынная арганізацыя), "Дыханне танца", спартовага моладзевага грамадскага аб'яднання "Адзінаборац".
25 студзеня пад судовы каток трапяць спартовыя і экалагічныя аб'яднанні — "Спартовы клуб амерыканскага футбола", спартыўны клуб "Метспорт-лідар" (там займаюцца спартовым кіданнем нажа), моладзевая экалагічная ініцыятыва "Белая Русь", "Клуб заўзятараў футбольнага клуба Партызан "12 гулец", грамадскае аб'яднанне "Хакейны клуб "Дынаміт".
28 студзеня Мінскі гарадскі суд разгледзіць закрыццё моладзевых грамадскіх аб'яднанняў "Спорт-карт-Расінг", "Авангард" (арганізацыя культурных, спартовых і адукацыйных мерапрыемстваў для моладзі), "Спартовы клуб "Самурай" (школа каратэ), моладзевых спартовых грамадскіх аб'яднанняў "Вертыкаль" і "Экстрым груп".
1 лютага суд будзе разглядаць ліквідацыю моладзевых спартовых арганізацый — "Індустрыя спорту", "Спартыўны клуб "Мангуст" (школа каратэ), Мінскае моладзевае грамадскае аб'яднанне "Федэрацыя ніхон сётакан каратэ-до".
Ліквідацыя грамадскіх аб'яднанняў ідзе ў Беларусі з ліпеня 2021 года. У многіх грамадскіх актывістаў дома і ў офісах адбыліся ператрусы. Пад закрыццё трапілі праваабарончыя, адукацыйныя, спартовыя ды іншыя праекты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.