У Мінску сёлета паставяць помнікі Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу
Помнікі кампазітару Станіславу Манюшку і пісьменніку Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу паставяць сёлета у цэнтры Мінска. Пра гэта паведаміў журналістам начальнік аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветніцкай працы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў.
Па яго інфармацыі, помнікі гэтых двух дзеячам культуры плануецца ўсталяваць на тэрыторыі Верхняга горада.
Стварэнне і ўсталяванне гэтых манументаў прымеркаванае да Году культуры, які сёлета абвясцілі ў Беларусі. У Мінску пройдзе шэраг імпрэзаў, прысвечаных юбілейным датам вядомых дзеячаў культуры і мастацтва. Напрыклад, запланаванае святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, 120-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 95-годдзя з дней нараджэнян Івана Шамякіна і Івана Мележа. Таксама ў сталіцы адзначаць 130-я ўгодкі Змітрака Бядулі, 140-я ўгодкі Алаізы Пашкевіч і 75-годдзя Уладзіміра Мулявіна, паведамляе БЕЛТА.