Учынены замах на намесніка кіраўніка прарасійскай адміністрацыі Новай Кахоўкі
Віталя Гура падстрэлілі ў Новай Кахоўцы
У Новай Кахоўцы (Украіна) здзейснены замах на намесніка кіраўніка прарасійскай адміністрацыі Віталя Гура. Чыноўнік, які пагадзіўся працаваць у мэрыі горада пад расійскай акупацыяй, знаходзіцца ў лякарні ў цяжкім стане.
Як мяркуецца, у Гура стрэлілі з пісталета Макарава. Гэта адбылося на парозе яго дома.
Днём 6 жніўня расейскія журналісты распаўсюдзілі інфармацыю, што Віталь Гур памёр. Аднак пазней самі ж яе і абверглі.
Замахі на чыноўнікаў з "новых" адміністрацый ўкраінскіх гарадоў, захопленых расіянамі, адбываюцца рэгулярна. А часам з імі адбываюцца рэчы, якім пакуль няма тлумачэння. Напрыклад, кіраўнік херсонскай адміністрацыі Уладзімір Сальда нядаўна атруціўся ці быў атручаны. У цяжкім стане яго эвакуявалі спачатку ў Крым, а потым на тэрыторыю Расіі. Сёння ён у стане медыкаментознай комы быў дастаўлены ў таксікалагічнае аддзяленні НДІ імя Скліфасофскага ў Маскве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.