Украіна хоча купляць нафтапрадукты Беларусі, але ўжо ёсць праблемы з разлікамі

Доля Беларусі на ўкраінскім рынку бітуму — 50% / Reuters
Доля Беларусі на ўкраінскім рынку бітуму — 50% / Reuters

Пасля таго як ЗША, Вялікабрытанія і Канада заявілі, што ўводзяць санкцыі супраць беларускага дзяржсектара, кампаній і фізічных асоб, у экспертнай супольнасці з'явіліся меркаванні, што Украіна можа адмовіцца ад беларускіх нафтапрадуктаў. А гэта асноўны рынак збыту прадукцыі беларускіх НПЗ.

Еўрарадыё даведалася ва ўкраінскіх экспертаў, ці настроены бізнес адмаўляцца ад супрацоўніцтва з Беларуссю і што можа паскорыць гэты працэс.

У 2020 годзе 45,2% экспарту ўсіх беларускіх нафтапрадуктаў прыйшлося на Украіну. Пры гэтым 86% выручкі ад продажу бітуму і 88% ад нафтавых газаў таксама прыйшло ад нашых паўднёвых суседзяў (у звестках Белстата гэтыя прадукты не ўваходзяць у пазіцыю "Нафтапрадукты").
 

"Згадка Беларусі — падстава заблакаваць плацеж"

Украина хочет покупать нефтепродукты Беларуси, но уже есть проблемы с расчётами
"Нафтан" адным з першых трапіў пад санкцыі ЗША / @vestniknaftana

Праз санкцыі беларускія НПЗ могуць страціць асноўны рынак збыту, аднак дырэктар ТАА "Кансалтынгавая група А-95" Сяргей Куюн кажа, што пакуль рэакцыі рынку на апошнія санкцыі няма.

Украіна будзе купляць паліва ў Беларусі, пакуль гэта будзе магчыма. Таму што гэта стары правераны партнёр, лагістычна вельмі блізкі, і дзелавыя адносіны сур'ёзныя. Але ўдзельнікі рынку кажуць, што ўвесь час ускладняецца сітуацыя з плацяжамі. Еўрапейскія банкі адмаўляюцца прапускаць любыя плацяжы. Літаральна сёння трэйдар расказаў, што любая згадка ў плацежных дакументах, у кантрактах Беларусі — падстава для таго, каб заблакаваць плацеж. Не важна, у якім кантэксце.

Эксперт падкрэслівае, што пакуль якія-небудзь абмежаванні накшталт другасных санкцый не закрануць украінскага бізнесу, купля будзе працягвацца.

Калі ўсё ж будуць праблемы, ніхто не захоча рызыкаваць і апынуцца пад санкцыямі ЗША. Пакуль мы бачым, што актыўна працуе і "БНК-Украіна" [афіцыйны прадстаўнік ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія" ва Украіне. — Еўрарадыё]. Тут украінскія кампаніі могуць купіць паліва за грыўні. Без валютных плацяжоў. Пакуль магчымасці захоўваюцца, але невядома, ці надоўга.

Украина хочет покупать нефтепродукты Беларуси, но уже есть проблемы с расчётами
ЗША абвясцілі пра новыя санкцыі пасля сустрэчы Святланы Ціханоўскай і Джо Байдэна / White House press service

Суразмоўца адзначае, што сітуацыя пастаянна мяняецца.

У адзін дзень трэйдары кажуць, што быццам вырашылі праблемы, на другі — што ёсць новыя ўскладненні.
 

Замену шукаць непажадана, але няцяжка

У выпадку калі праводзіць плацяжы станецца немагчыма, украінскаму рынку давядзецца шукаць замену беларускім таварам.

Самая вялікая доля Беларусі на рынку бітуму — каля 50 адсоткаў. Але за апошні год створана інфраструктура па марскіх пастаўках гэтага прадукту. Яе магутнасці дастаткова для таго, каб замясціць беларускі аб'ём, — працягвае Сяргей Куюн.

Выйдзе гэта ненашмат даражэй, лічыць эксперт.

Што цана па моры, што з Беларусі — прыкладна аднолькавая. За выключэннем лагістыкі. Атрымліваецца, што ў паўночнай частцы Украіны больш выгадна купляць з Беларусі, а ў паўднёвай частцы — марскія пастаўкі. Таму даражэй будзе на памер лагістыкі, але гэта невялікія лічбы.

Дырэктар кампаніі "Кантарэл Украіна", якая ёсць буйным пакупніком беларускага бітуму ва Украіне, Бекхан Эльмурзаеў таксама гаворыць пра тое, што супрацоўніцтва з Беларуссю будзе працягвацца, пакуль санкцыі не закрануць наўпрост украінскіх контрагентаў.

Украина хочет покупать нефтепродукты Беларуси, но уже есть проблемы с расчётами
Марскі порт Паўднёвы ва Украіне / usm.media

Калі адмаўляцца ад паставак з Беларусі, на рынку будзе турбулентнасць. Спатрэбіцца каля месяца, каб пераарыентавацца на іншыя рынкі, прывезці рэсурс у неабходнай колькасці.

Вядома, будзе змена кан'юнктуры, калі зачыняецца самы блізкі і зручны канал паставак, які таннейшы па лагістыцы. Мы ўсё ж спадзяёмся, што Украіну не закрануць санкцыі далёкіх краін. На іх санкцыі супраць Беларусі не моцна паўплываюць. А для нашага рынку гэта будзе праверка на стрэсаўстойлівасць.
 

Сваёй перапрацоўкі Украіне не хопіць

У той жа час самы буйны нафтаперапрацоўчы завод Украіны Крамянчугскі НПЗ ("Укртатнафта") заяўляе, што наросціць аб'ёмы перапрацоўкі нафты. Гэтага таксама не хопіць, каб пакрыць патрэбы ўкраінскага рынку, лічаць апытаныя эксперты.

На заводзе былі праведзеныя работы, якія дазволілі павялічыць перапрацоўку прыкладна да 60 адстокаў ад яго намінальнай магутнасці. Гэта не дапаможа цалкам замясціць беларускае паліва. Думаю, будуць замешчаныя не толькі беларускія пастаўкі, але збольшага расійскія і марскія. Таму не думаю, што ў сувязі з гэтым будзе моцнае змяненне доляў рынку, — робіць выснову Сяргей Куюн.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі