Універсітэты атрымалі па 3-5 заявак на размеркаванне выпускніка

Нягледзячы на крызіс, прадпрыемствы не адмаўляюцца ад маладых спецыялістаў. У некаторых універсітэтах адзначаюць нават усплёск заявак на выпускнікоў. Еўрарадыё паспрабавала даведацца, ці не дапаможа эканамічны крызіс студэнтам пазбегнуць размеркавання.

Апынулася, што ўсё ідзе ў звыклым рэжыме: заявак непамерна шмат. Некаторыя прадпрыемствы проста не рабілі заявак ва ўніверсітэты, але большасць усё ж чакае маладое папаўненне на працоўных месцах.

На Аўтатрактарным факультэце БНТУ заявак, як заўжды, болей, чым выпускнікоў: міжнародныя перавозкі пасажыраў, грузаперавозкі, транспартна-інспекцыйныя прадпрыемствы, дзяржаўтаінспекцыя, праектныя інстытуты, РУП “Белгіпрадор”. Але да размеркавання яшчэ ёсць час, таму дакладную лічбу заявак у дэканаце нам назваць не змаглі:

“Мы на гэтае пытанне адказаць цяпер дакладна не можам, бо размеркаванне толькі ў сярэдзіне красавіка, і заяўкі яшчэ паступаюць. Але бюджэтнікаў мы ўсіх забяспечым месцамі!”

Дэкан Улікова-эканамічнага факультэта БДЭУ Ўладзімір Беразоўскі кажа, што заяўкі на студэнтаў ёсць:

“Ёсць 10 вольных заявак на перыферыю ў вёску, у ВПК “Домик в деревне”.

На фізфаку БДУ на спецыяльнасці “Выкладчык фізікі і інфарматыкі” неверагодны ўсплёск попыту на маладых настаўнікаў фізікі. На 9 бюджэтнікаў прыйшло 30 заявак з рэгіёнаў, і калі раней можна было спадзявацца на тое, што заявак не хопіць і можна будзе прынесці сваю, то цяпер насуперак плану Мінадукацыі не пойдзеш.

Святлана Васільеўна, дэканат: “Такога ніколі не было, такая вялікая заяўка! І тут мы абавязаныя закрыць план”.

У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце прыйшлі заяўкі з 15 прадпрыемстваў краіны: ААТ “Баранавічыхлебпрадукт”, Салігорскі інстытут праблем рэсурсазберажэння, РУП “Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання”, “Старадарожскі механічны завод”, “Ляхавіцкі ільнозавод”.

“У гэтым годзе вельмі слаба з заяўкамі: можа, крызіс неяк паўплываў…”, — адзначылі ў дэканаце Інжынернага факультэта.

Намеснік дэкана энергафака БНТУ распавядае, што іх выпускнікоў чакаюць на ТЭЦ, ГРЭС, у Міністэрстве энергетыкі, на падстанцыях, мініТЭЦ, прычым ад размеркавання “адкасіць” студэнты на ЭФ не імкнуцца: усе ідуць працаваць у сваю прафесійную галіну. А заявак надзвычай шмат, там нават конкурс: ад 3 да 5 на аднаго выпускніка!

“Ох, іх так шмат! Але я вам лепей за міністэрства скажу: старонак напэўна 50 заявак, якія давядзецца зачытваць вам… Дзяўчынак заўсёды бяруць горш, але зараз у нас і дзяўчынкі запатрабаваныя”.

На факультэце камп’ютарнага праектавання БДУіР бяруць амаль ва ўсе дзяржаўныя прадпрыемствы: “Мінскі электрамеханічны завод”, "Мінскі механічны завод імя Вавілава", "Гарызонт", “Беларускі аўтамабільны завод”, “Віцязь”. На пытанне, ці не стала меней заявак на студэнтаў у сувязі з крызісам, у дэканаце адказваюць так:

“У нас размеркаванне было ў лістападзе, і пакуль крызіс на размеркаванні не адбіўся. Пакуль ніхто не адмаўляўся. А што там далей будзе – ніхто не ведае…”

Студэнтаў чакаюць з някепскімі заробкамі: на ТЭЦ аклад для студэнтаў пад 700 тысяч рублёў, у транспартнай інспекцыі – 548 тысяч, а Парк Высокіх Тэхналогій чакае маладых “айцішнікаў” на даволі вялікія грошы.

У лістападзе 2008 года была першая хваля размеркавання, куды патрапіў БДУіР, куды ПВТ даслаў 130 заявак на выпускнікоў, а ў сакавіку ПВТ зрабіў 150 заявак у БДУ і БНТУ для працы ў EPAM, “Sam Solutions”, “Itransition” і іншыя кампаніі. Прадстаўнік ПВТ падзялілася інфармацыяй пра попыт на маладых спецыялістаў і пра сярэдні заробак:

“Канечне, некаторы спад у попыце на маладых спецыялістаў у параўнанні з мінулым годам назіраецца, але спецыялісты патрэбныя. На лета мінулага года сярэдні заробак па Парку Высокіх тэхналогій склаў 1100 долараў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі