Віцэ-спікер Сейма Літвы распавёў пра змены палітыкі адносна РБ пры новым Сейме

Літва, ілюстрацыйнае фота

Літва, ілюстрацыйнае фота

Літва працягне падтрымліваць дэмакратычную Беларусь, бо гэта ў інтарэсах самой Літвы. І гэтая палітыка не залежыць ад таго, якія партыі прыйшлі да ўлады. Пра гэта віцэ-спікер Сейма Літвы Юозас Алекас заявіў 2 снежня на канферэнцыі "Беларусь — Літва: у будучыню праз агульныя каштоўнасці".

"Бо не можа быць сапраўды дэмакратычнай Літвы і Еўропы, калі побач будзе дыктатарскі рэжым", — цытуе "Зеркало" словы Алекаса.

Ён згадаў, што на пачатку лістапада Святлана Ціханоўская ўручыла міністру замежных спраў Літвы Габрыэлюсу Ландсбергісу "Крыж добрасуседства". Палітык адзначыў важнасць такой ацэнкі дзейнасці літоўскага ўрада. Разам з тым ён заявіў, што Літва ў падтрымцы беларускіх дэмсілаў дзейнічае ў сваіх інтарэсах — незалежна ад таго, якая партыя лідзіруе ў краіне. "Мы тут у Літве можам спрачацца адзін з адным, але ў дачыненні да Беларусі і Украіны ў нас пазіцыя аднолькавая. Могуць адрознівацца асобныя элементы, але гэта не сутнасць. Думаю, і далей так будзе", — дадаў віцэ-спікер Сейма.

Выбары ў Сейм Літвы адбыліся на пачатку лістапада. На іх перамагла Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (ЛСДП), другое месца заняла кіруючая партыя кансерватараў Саюз Айчыны — літоўскія хрысціянскія дэмакраты (СА-ЛХД).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі