Віктар Бабарыка: за $100 тысяч добрыя кампаніі не робяцца
Віктар Бабарыка / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё
— Калі ў краіне сёлета нічога не зменіцца — я даю гарантыю, што мы самі падпішам 31-ю інтэграцыйную карту. Калі ж да ўлады прыйдзе любы іншы — у Беларусі з'яўляецца шанц, — лічыць патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты былы старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка. У трэцім выпуску праграмы "Кандыdating" вылучэнец абмеркаваў з рэдактарам Еўрарадыё Змітром Лукашуком фальсіфікацыі выбараў, расказаў пра план на выпадак пройгрышу і стаўленне да інтэграцыі з Расіяй.
Пра план Б
— У мяне ёсць пэўныя кампетэнцыі. І яны ў якім-небудзь іншым месцы спатрэбяцца, калі мяне не выберуць. Праўда, мне давядзецца нешта рабіць з тым пачуццём адказнасці перад людзьмі, якое ўзнікла цягам апошніх тыдняў. Раней я быў упэўнены, што не палезу ў палітыку, але цяпер колькасць людзей, якія падзяляюць маю пазіцыю, расце, і з гэтым трэба будзе нешта рабіць.
Пра тое, як выбары могуць стаць празрыстымі
— У мяне цяпер адчуванне, што каля двух мільёнаў беларусаў прытаміліся. Да таго ж паводзіны ўлады ў перыяд сур'ёзнай праблемы пандэміі каранавіруса вельмі моцна расчаравалі беларусаў. Такая непавага да жыцця суграмадзян — гэта моцны перабор.
Таму ёсць чаканні, што беларусы змогуць сказаць: "Не". Тэхналагічныя змены, якія адбыліся ў краіне, дазваляюць зрабіць выбары празрыстымі. Кожны з нас ведае, як гэта зрабіць. Лічыць трэба будзе фота- альбо відэадакументы. Смартфоны цяпер ёсць у кожнага выбаршчыка.
Пра рэйтынг Лукашэнкі і магчымую фальсіфікацыю выбараў
— Я веру, што ў беларуса нельга ўкрасці прэзідэнта. Некаторыя кажуць, што ў дзейнай улады да 2015 года быў рэйтынг менш за 50%, але ні адно незалежнае даследаванне гэтага не пацвердзіць. Так, у Лукашэнкі заўсёды была электаральная большасць. Не кажу, што было 83%, але і не апускалася менш за 50%. А калі больш за 50%, то можна "маляваць" усё што заўгодна. Але калі рэйтынг упаў ніжэй за 50%, то ўжо нельга. Гэта прывядзе да сацыяльнага выбуху, які нікому не патрэбны.
Што да тых, хто лічыць галасы, — яны не ворагі беларускаму народу. Я лічу, трэба сфармуляваць пасыл, што яны папраўдзе героі, якія павінны зрабіць сваю працу сумленна, і мы будзем імі ганарыцца. Пачуццё, што ты вораг, хіба лепшае за пачуццё, што ты герой? Калі мы сфармуем вакол іх арэол сумленнасці, то, можа, яны развернуцца бокам, калі будуць лічыць галасы?
Пра інтэграцыю з Расіяй і "пераспелы яблычак"
— Усе інтэграцыйныя карты былі падпісаныя ўласнаручна дзейнай уладай. Расія нічога новага не прыдумала цяпер, а проста дастала дакументы з палічкі, здзьмула з іх пыл. Мы гэта падпісалі, толькі ў 1999 годзе думалі, што самі будзем ад Брэста да Уладзівастока.
Ёсць простае пытанне: чаму ў Расіі тэму інтэграцыі амаль не абмяркоўваюць? Я лічу, пасіўнасць у інфармацыйным полі кажа: "Вісіць пераспелы яблычак, ён сам упадзе, і прыкладаць намаганні не трэба". Гэта пра тое, што мы самі пабудавалі несамастойную дзяржаву. Усе нашы адносіны з Расіяй — гэта "дайце", мы ўвесь час просім. Вось і навошта Расіі цяпер прыкладаць намаганні да таго, што ўпадзе само?
У мяне ёсць разуменне, як падмацаваць гэты самы "яблычак". Я ведаю, што акно магчымасцяў яшчэ не зачынілася. Калі ў краіне сёлета нічога не зменіцца — я даю гарантыю, што мы самі падпішам 31-ю карту. Калі ж да ўлады прыйдзе любы іншы — з'яўляецца шанц.
Пра дзяржаўныя сімвалы
— У прэзідэнта аб'яднальная роля. Ёсць мінулае, у якім частка людзей бачыць нешта добрае. Напрыклад, СССР і яго сімволіка. Ёсць яшчэ адно мінулае, дзе мы былі вялікай дзяржавай з іншымі сімваламі. Няўжо правільна займаць нейкую пазіцыю? Я вам скажу, што большая частка маіх дзеянняў паказвае маё стаўленне да гэтага пытання, але выказваць пазіцыю я не буду.
Пра навучанне на беларускай мове
— Зрабіць цяпер навучанне ў ВНУ на беларускай мове — гэта прафанацыя. У нас няма асновы. Хто там будзе выкладаць? Хто там будзе вучыцца? Важней выбудоўваць якасную адукацыю з самага нізу — з дзіцячага сада. Мне здаецца, правільны крок — гэта рыхтаваць дзяцей да свету, які глабалізуецца. У гэтым свеце трэба нашмат больш, чым толькі беларуская мова. Казахстан паказаў яркі прыклад: ёсць дзве мовы, але на будучыню людзі павінны ведаць яшчэ і англійскую мову. З першага класа пачынаецца роўнае валоданне трыма мовамі.
Але гэта доўгі працэс. Нельга зрабіць усё за адзін дзень ці год. Можна сфармаваць такія ўмовы, што праз дзесяць гадоў вы не пазнаеце беларусаў.
Настаўнікі і медыкі vs сілавікі
— Перакос у бок сілавых структур мне не зразумелы. Я б хацеў пачуць, чым гэта прадыктавана. Я лічу, што дактары і медыкі павінны знаходзіцца ў больш прывілеяваным становішчы, чым сілавікі. Каб ахоўваць нешта каштоўнае, трэба спачатку стварыць нешта каштоўнае, пад гэтым я маю на ўвазе якраз настаўнікаў і дактароў.
Пра складаны лёс дзяржпрадпрыемстваў
— Трэба правесці рэформу дзяржуласнасці, а менавіта трансфармацыю неэфектыўных прадпрыемстваў. Гэта, вядома, пагражае стратай працы для многіх людзей. Таму трэба будзе рабіць паралельна дзве рэчы: рэфармаванне дзяржуласнасці і аблягчэнне ўмоў адкрыцця малога і сярэдняга бізнесу. Таксама трэба ствараць галіны, якія фармуюць попыт. Я згодны з неабходнасцю павялічваць ІТ-галіну.
У продажы неэфектыўных прадпрыемстваў я не бачу нічога страшнага. Таксама нам трэба фармаваць уласную буйную прыватную эканоміку, якой у нас вельмі мала. Нельга дапускаць алігархіі, але і пазбаўляць магчымасці развіцця прадпрыемстваў да ўзроўню "Форда" — няправільна.
Пра свабоду слова
— Ніхто не мае права падказваць людзям, журналістам, як правільна задаваць пытанні. У кожнага ёсць права цікавіцца, калі гэта не закранае правоў іншых. Мне самому нядаўна не спадабалася, як без папытання ў мяне людзі спрабавалі пранікнуць у маё прыватнае жыццё. Я лічу, што гэта нядобра. Але пры гэтым я нічога не забараніў. Я не ведаю многіх абмежаванняў, якімі акружаны лідар краіны, але дакладна ведаю, што свабода слова — такая ж каштоўнасць, як незалежнасць краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.