Віктар Каліна не змог прадаць ніводнага білета на канцэрт у Докшыцах

Віктар Каліна не змог прадаць ніводнага білета на канцэрт у Докшыцах

У Докшыцах (Віцебская вобласць) адмянілі канцэрт “легенды рускага шансона” Віктара Каліны. На яго выступленне ў Докшыцкім гарадскім цэнтры культуры не прадалі ніводнага білета.

“Было забраніравана 11 білетаў, але людзі не выкупілі нават іх. Таму канцэрт не адбыўся, — расказваюць у докшыцкім цэнтры культуры. — Ад нас была толькі арганізацыя канцэрта. Больш нас нічога не датычылася... 

Нешта вельмі шмат цікавасці да гэтага канцэрта і да нас асабіста”.

Канцэртны зал у Докшыцах разлічаны на 290 чалавек. Там кажуць, што, каб выступленне адбылося, трэба прадаць мінімум 50 білетаў.

Напярэдадні канцэрта, які мусіў адбыцца 16 лютага, жыхары Докшыц стварылі петыцыю за яго адмену. Яе падпісала больш за 600 чалавек (у Докшыцах жыве 6800 чалавек). У звароце гаворыцца, што Віктар Каліна ўяўляе сабой пагрозу грамадскаму і нацыянальнаму парадку, мае досвед ваенных дзеянняў у складзе “ірэгулярных бандфарміраванняў” на паўднёвым усходзе Украіны.

Віктар Каліна не змог прадаць ніводнага білета на канцэрт у Докшыцах
Віктар Каліна неаднаразова спяваў для сепаратыстаў

А вось у іншым беларускім райцэнтры — Слоніме (каля 49 тысяч жыхароў) — канцэрт Віктара Каліны адбыўся. 12 лютага шансанье выйшаў на сцэну мясцовага цэнтра культуры і адпачынку. На бэк-вакале ў шансанье яго жонка Святлана і дачка Аліна.

На канцэрт было прададзена больш за 270 білетаў — зала, разлічаная на 500 месцаў, была запоўненая крыху больш як напалову.

“У нас не толькі на Віктара Каліну, але і на ўсіх артыстаў у цяперашні момант больш за 300 білетаў не прадаецца. Хоць на Алу Пугачову, — расказаў Еўрарадыё дырэктар Слонімскага цэнтра культуры і адпачынку Мікалай Адамчык. — Каліна прыязджае ў гэты час кожны год. На яго так і летась куплялі. 

Я яму ўжо казаў: “Віктар, давай, можа, ты крыху адпачні ад Слоніма, а Слонім ад цябе. І ён пагадзіўся з гэтым, што, можа, і не трэба так часта ездзіць”.

Каліна падчас канцэрта ў Слоніме

Докшыцы — не першы раённы цэнтр Беларусі, дзе адмаўляюцца ад выступлення Віктара Каліны. Летась яго канцэрт адмянілі ў Вілейцы. Дарэчы, там перад тым таксама стварылі петыцыю. Шансанье не можа выступіць і ў Пружанах, дзе з 2017 года для Віктара Каліны пажыццёва забаронены ўсе выступленні. Праблемы з канцэртамі пачаліся пасля таго, як спявак падтрымаў расійскую агрэсію ва Украіне. Ён ездзіў з канцэртамі па так званых “ЛНР” і “ДНР” і неаднаразова выказваў антыўкраінскую пазіцыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі