Як беларускі алігарх спрабаваў абысці санкцыі пры дапамозе каталіцкай царквы

Суд адмовіў Зайцаву ў скасаванні санкцый

Суд адмовіў Зайцаву ў скасаванні санкцый / motolko.help

Аляксандр Зайцаў — адзін з самых вядомых беларускіх прадпрымальнікаў, уладальнік кампаніі "Брэміна груп". Па некаторых ацэнках, ён уваходзіць у дзясятку самых паспяховых бізнесменаў у краіне. У розныя гады займаў дзяржаўныя пасады. Быў памочнікам прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага, а таксама Віктара Лукашэнкі. Таксама вядомы тым, што з'яўляўся спонсарам футбольнага клуба "Дынама-Брэст". Праз падтрымку рэжыму Лукашэнкі і расійскай агрэсіі супраць Украіны, кампаніі Зайцава знаходзяцца пад санкцыямі ЕС і ЗША, акрамя таго, ён знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі многіх краін.

8 лістапада стала вядома, што Еўрапейскі суд адмовіў у іску Аляксандру Зайцаву, які спрабаваў скасаваць уведзеныя супраць яго санкцыі ЕС.

Журналісты "Рабочага руху" даведаліся, якім чынам Аляксандр Зайцаў спрабаваў выйсці з-пад санкцый і пры чым тут каталіцкая царква.

Еўрарадыё пераказвае змест расследавання.

Як стала вядома РР, Зайцаў спрабаваў абысці еўрапейскія санкцыі вельмі нестандартным спосабам. Большасць еўрапейскіх суддзяў прытрымліваюцца каталіцкай веры. І менавіта праз царкву хацеў зняць накладзеныя на яго санкцыі.

Да іску аб скасаванні санкцый у якасці дадатку былі прымацаваныя дакументы, якія пацвярджаюць сувязь Зайцава з каталіцкай царквой.

Напрыклад, сярод іх аказалася апостальскае блаславенне Папы Рымскага Бенедыкта XVI ад 2011 года, пасведчанне аб прысваенні рыцарскага крыжа ордэна "За заслугі перад Венгрыяй", атрыманага ад былога прэзідэнта Венгрыі Янаша Адэра. Акрамя гэтага, ён падаў пасведчанне аб уручэнні рыцарскага ордэна Святога Георгія, якім яго ўзнагародзілі летась у Мінску не без дапамогі дзейнага каталіцкага святара.

 

Ксёндз-бізнесмен

Як высветлілі журналісты РР, у верасні 2021 года нейкі Ігар Лашук, з'яўляючыся дзейным ксяндзом, заснаваў кампанію ТАА "АЛІС МА".

З прычыны уведзеных на кампанію Зайцава "Брэміна груп" санкцый частка маёмасці была перапісаная менавіта на кампанію святара. У прыватнасці, як сцвярджаюць журналісты, такім чынам з-пад санкцый спрабавалі вывесці аэрадром "Орша" ў пасёлку Балбасава, арандатарам якога і з'яўлялася падсанкцыйная "Брэміна груп". Мяркуючы па дакументах, якія трапілі ў рукі расследавальнікаў, праектам распараджэння Лукашэнкі планавалася замена арандатара на нядаўна створанае ТАА "АЛІС МА".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі