Такі базавы чэкап, у які мусяць уваходзіць усе гэтыя даследаванні.
Выразнага, рэгламентаванага дакументамі перыяду, калі трэба рабіць УГД, няма. Не кожная дзяржава можа забяспечыць такую магчымасць усім сваім жыхарам. Але калі мы гаворым пра развітыя краіны, то нават у многіх страхоўках, калі чалавек уладкоўваецца на працу, прапісана, што адзін раз на год ён можа здаць згаданыя мной аналізы, зрабіць УГД плюс, калі гаворка пра жанчын, прайсці агляд гінеколага. Чаму я кажу пра 30 гадоў? Таму што да гэтага ўзросту ў пацыента ўжо маглі з'явіцца шкодныя звычкі, ён мог, увогуле, не асабліва займацца сваім здароўем.
— Адзін з самых распаўсюджаных відаў раку ў мужчын — рак лёгкіх. Рак мозгу — захворванне не такое частае, але яно наводзіць халодны жах. Як прадухіліць?
— Яшчэ раз — што такое скрынінг? Ёсць, напрыклад, група анкалагічных захворванняў, якія сустракаюцца часцей за ўсё ў нашым рэгіёне.
Напрыклад, рак малочнай залозы — паражэнне органа вонкавай лакалізацыі. Мы можам яе пальпіраваць, зрабіць УГД.
А вось залезці чалавеку ў галаўны мозг, лёгкія ці падстраўнікавую залозу мы не можам. Таму мы мусім зніжаць імавернасць раку гэтых органаў першаснай прафілактыкай.
Калі мы скажам чалавеку кожны год рабіць МРТ галаўнога мозгу, то давядзём яго да канцэрафобіі, і на фоне стрэсу ён сапраўды можа на нешта захварэць.
На шчасце, рак мозгу сустракаецца не так часта, каб праводзіць такія штогадовыя даследаванні, як МРТ. Так, яны праводзяцца, але пры наяўнасці паказанняў.
Абавязкова сачыце за сваім здароўем. Звяртайце ўвагу на тое, як часта баліць галава, ці ёсць пагаршэнне слыху, зроку, дваенне ў вачах. Нам важна не прапусціць магчымыя сімптомы раку. Не трэба хадзіць і думаць, маўляў, ой, тут я, напэўна, галавой стукнуўся, а там я не выспаўся. Адчуваеце сябе дрэнна? Адразу ідзіце да доктара і не адкладайце гэта ўсё — такая тактыка.
Што да раку лёгкіх, то я ведаю, што, напрыклад, да 2024 года ў Беларусі праходзіў скрынінг раку лёгкіх у пацыентаў групы рызыкі.
Напрыклад, афіцыйна даказана, што курэнне вельмі моцна ўплывае на развіццё раку лёгкіх, таму людзі ва ўзросце ад 50 да 69 гадоў, якія доўга кураць, маглі ў яе трапіць.
Наогул, пра такія праграмы мусіць паведамляць доктар падчас любога вашага наведвання паліклінікі і збору анамнезу. Але і самі пацыенты могуць праяўляць ініцыятыву і ўдакладняць на прыёме ў таго ж тэрапеўта, ці можна праверыцца на анкалагічныя захворванні.
Падчас скрынінгу на рак лёгкіх, як правіла, выкарыстоўваецца нізкадозная камп'ютарная тамаграфія, якая дазваляе выявіць нават дробныя ўтварэнні ў лёгкіх і западозрыць рак нават на ранніх этапах.
— Штогод праз паліклінічнае аддзяленне РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі праходзіць каля 40 тысяч пацыентаў. Дзеці таксама хварэюць на рак…
— Так, таму нам трэба быць напагатове. Выразна разумеем: калі ў сваякоў было анкалагічнае захворванне — значыць, яно можа быць у любога члена сям'і.
У Беларусі на базе РНПЦ адкрытая лабараторыя малекулярнай генетыкі, дзе праводзяць даследаванні на наяўнасць пэўных мутацый генаў, адказных за развіццё таго ці іншага анкалагічнага захворвання. Таму ёсць служба медыцынскіх генетыкаў, да якіх можна звярнуцца, здаць кроў, а яны падказваюць, на што важна звярнуць увагу. Гэта датычыць як дзяцей, так і дарослых.
Натуральна, спачатку трэба запісацца на кансультацыю да генетыка. Генетык пагаворыць з вамі, абмяркуе спадчыннасць і з улікам сабранага анамнезу падкажа, да чаго прыгледзецца.
— А што наконт аналізаў на анкамаркеры?
— Анкамаркеры — гэта асаблівыя спецыфічныя бялкі/антыгены, якія ўтвараюцца ў крыві. У норме яны вылучаюцца клеткамі ў нязначнай колькасці і выконваюць у арганізме разнастайныя функцыі. Часта гэтыя паказчыкі неспецыфічныя. Няма такога, што мы здалі кроў, убачылі павышэнне нейкага анкамаркера, і гэта дакладна будзе сведчыць пра развіццё раку.
Адзіны анкамаркер, які выкарыстоўваецца для дыягностыкі, праграмы скрынінгу — гэта ПСА (прастатспецыфічны антыген).