Задуманая Мінкультам аптымізацыя “Харошак” і “Песняроў” скончылася не пачаўшыся

Задуманая Мінкультам аптымізацыя “Харошак” і “Песняроў” скончылася не пачаўшыся

“Харошкі”, “Песняры”, хор імя Цітовіча і Дзяржаўны ансамбль танца, насуперак планам Міністэрства культуры, не будуць аптымізоўвацца і пераходзіць пад юрысдыкцыю Філармоніі. Пра гэта было заяўлена на сустрэчы кіраўнікоў творчых калектываў з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандрам Косінцам, на якую таксама запрасілі міністра культуры Барыса Святлова. Па словах мастацкага кіраўніка “Харошак” Валянціны Гаявой, пытанне з “аптымізацыяй” вырашылася на карысць творчых калектываў.

Валянціна Гаявая: “Ён (кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Аляксандр Косінец — Еўрарадыё) сказаў: “Працуйце, старайцеся, даказвайце сваю самастойнасць. Бізнес-планы тэрмінова зрабіць — як вы будзеце працаваць, што будзеце рабіць”.

Як паведамляла Еўрарадыё, пэўны час таму Міністэрства культуры нечакана выступае з ініцыятывай увесці ў склад Філармоніі чатыры самастойныя калектывы: Нацыянальны акадэмічны хор імя Цітовіча, Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, Дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі” і Дзяржаўны ансамбль “Песняры”. Матывуецца гэта ўсё тым, што “аптымізуецца адміністрацыйна-кіраўнічы склад, і гэта дасць эканомію фінансавых сродкаў”. Але ўсе пералічаныя кандыдаты на “калектывізацыю” выступаюць катэгарычна супраць гэтага. На іх агульную думку, гэтая ініцыятыва не толькі не дасць ніякай эканоміі, але і паставіць на мяжу знікнення самі калектывы — найперш праз неабходнасць скарачэння танцораў ды музыкаў. Мінкульт настойвае на сваім і спрабуе дабіцца ад кіраўнікоў калектываў згоды з іх варыянтам аб’яднання і аптымізацыі. Творцы ў адказ пішуць ліст у прэзідэнцкую адміністрацыі і распавядаюць пра ініцыятыву Мінкульта карэспандэнту Еўрарадыё. У выніку іх запрашаюць на сустрэчу з Аляксандрам Косінцам.

Але напярэдадні, 30 сакавіка, прэтэндэнтаў на ўваходжанне ў склад Філармоніі запрашаюць на “генеральную размову” да міністра культуры. Пачутае там шакавала прысутных, распавядае Валянціна Гаявая.

“Такое прыдумаць я нават не ведаю хто яшчэ мог, але не міністр культуры! Ён нам сказаў: “Адзін чалавек можа кіраваць пяццю калектывамі!” Вы сабе можаце такое ўявіць?! Тут сам-насам з калектывам і кожны табе як родны, з дзяцінства ты яго гадаваў, і імі пачне нехта іншы кіраваць? Вы сабе ўяўляеце, што яны яму скажуць і дзе яны будуць?!”

Па інфармацыі Еўрарадыё, пачуўшы такі працяг ідэі аб уваходжанні іх калектываў у склад Філармоніі і іх “аптымізацыі”, кіраўнік “Песняроў” Вячаслаў Шарапаў нават паклаў міністру заяву аб звальненні. Праўда, сам Шарапаў каментаваць гэты факт вечарам 30 сакавіка адмаўляецца, а па выніку сустрэчы ў прэзідэнцкай адміністрацыі 31 сакавіка ўвогуле не лічыць неабходным узнімаць вакол былых падзей жарсці.

“Было зразумела, што папярэдняе рашэнне, якое было нам аб’яўленае, было не канчаткова прадуманае. Але яно зразумела чым выкліканае: сёння ўсе павінныя аптымізавацца, сёння ўсе павінныя яшчэ раз уважліва паглядзець на свае магчымасці, на свае рэсурсы. З тым, каб не было, як кажуць, залішняй нагрузкі на бюджэт — гэта цалкам правільна. Але сама форма пераходу на нейкія іншыя формы гаспадарчай дзейнасці была крыху непрадуманая… Але калі параіліся з кіраўнікамі калектываў, то прыйшлі да высновы, што не трэба нічога мяняць, варта пакінуць усё як ёсць, але разам з тым пашукаць новыя рэсурсы, новыя магчымасці і для аптымізацыі, і для паляпшэння якасці працы, што вельмі правільна”, — асцярожна каментуе вынік сустрэчы Вячаслаў Шарапаў.

Сітуацыя нібыта вырашылася, але так і застаецца таямніцай, чыя гэта была ідэя. Сёння Вячаслаў Шарапаў адмахваецца ад пытання. Кажа, яму абсалютна не цікава: галоўнае, што “Гасподзь справіў усё так, што ўсё вырашылася самым аптымальным і добрым чынам”. Валянціна Гаявая ўпэўненая: прапанаваць такую аптымізацыю творчым калектывам мог толькі чалавек, які сам ніколі з творчымі калектывамі не працаваў. І дадае:

“Немагчыма ўявіць, што было б, калі б гэтае аб’яднанне пачалі рабіць сілай. Я вам дакладна скажу, што 50% майго ансамбля, а то і больш, імгненна бы адкалоліся. Бо ў іх ёсць значна лепшыя прапановы, з добрым заробкам: на іх жа проста палююць усе гэтыя замежныя менеджары, якія шукаюць добрых артыстаў для працы. І плацяць ад 1 да 3 тысяч еўра ў месяц. А што я ім магу даць? А тым больш Філармонія, куды наноў людзям давялося б афармляцца? Што было б? Вось пасля першай аптымізацыі некалькі месяцаў таму я страціла больш за 20 танцораў і, як вынік, пастаноўку “Беларусы”, а пасля гэтай пературбацыі ў мяне б увогуле засталася маленькая групка — з чаго пачынала, туды б я і вярнулася”…

Як у прэзідэнцкай адміністрацыі ацэняць ініцыятыву Мінкульта і ці будзе яна мець нейкія наступствы для кіраўнікоў ведамства — пытанне адкрытае. Суразмоўцы Еўрарадыё абмяркоўваць гэта не хочуць — аддаюць перавагу выказванню падзяк у бок вышэйшага кіраўніцтва.

Фота Змітра Лукашука 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі