2 гадзіны на Лукашэнку, 3 — на "народ": як пройдзе Усебеларускі сход

УНС / belmarket.by
УНС / belmarket.by

У тэлеграм-канале "Ник и Майк" апублікавалі праграму Усебеларускага народнага сходу, які пройдзе 11–12 лютага. Еўрарадыё ўважліва яе вывучыла і захацела падзяліцца самым цікавым.
 

Лукашэнка будзе гаварыць больш за дзве гадзіны, "народ" могуць перарваць

Адкрые сход Аляксандр Лукашэнка. І гаварыць ён будзе як мінімум дзве гадзіны. Свой даклад Лукашэнка зачытае ў першы дзень — з 11.30 да 13.30. Але 12 лютага ў 12.30 ён зноў з'явіцца перад захопленай публікай — гэтым разам прамаўляючы заключнае слова на закрыцці сходу.

На выступленні 41 прадстаўніка "беларускага народа" ў праграме выдзелена 3 гадзіны 20 хвілін. Гэта значыць, прыблізна па пяць хвілін на кожнага. У дзяржСМІ УНС любяць называць "дыялогавай пляцоўкай", але ў раскладзе мерапрыемства чамусьці не відаць часу для абмеркавання якіх-небудзь пытанняў.

У першы дзень пасля дакладаў 14 дэлегатаў гасцям прапануюць прагаласаваць за... спыненне выступаў. А потым пасля такога дэмакратычнага ходу па плане — вячэра, фотасесіі і канцэрт майстроў мастацтваў!

"16.00 — паступаюць прапановы аб спыненні выступаў у першы дзень. Стаўлю пытанне на галасаванне. Хто за тое, каб спыніць выступы? Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Прымаецца.

Паважаныя калегі! Першы дзень працы завершаны. Зараз згодна з парадкам правядзення дня запланаваная вячэра па месцы пражывання, а для некаторых дэлегацый яшчэ і фатаграфаванне. Потым вы запрашаецеся на канцэрт майстроў мастацтваў, які пачнецца ў 20.30 у Палацы спорту. Зычу ўсім добрага вечара".

Пераважна сярод выступоўцаў — наменклатура і чыноўнікі. Ад народа — два трактарысты, інжынер, ткач, слесар, настаўнік і студэнтка.
 

Голас з залы

У праграме УНС некалькі разоў згадваецца ўдзельнік дыскусіі, які называецца "Голас з залы". У першы дзень падзеі спецыяльны "Голас з залы" будзе вырашаць, як будуць выглядаць "рабочыя органы" сходу, а яшчэ будзе гаварыць слова "не".

"11.10-11.30 – рэспубліканскі арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні шостага Усебеларускага народнага сходу прапануе абраць рабочыя органы – прэзідыум, сакратарыят, мандатную, рэдакцыйную і падліковую камісіі.

Спісы прапанаваных кандыдатур у склад працоўных органаў вы маеце. Як будзем галасаваць? Па спісах або па кожнай кандыдатуры асобна?

Голас з залы: "Па спісах".

Далей роля "Голасу з залы" заключаецца ў тым, каб адказваць "Не!" на пытанне "Няма пярэчанняў?".

2 часа на Лукашенко, 3 — на “народ”: как пройдёт Всебелорусское собрание
УНС / vsebel.by

Рэзалюцыя ўжо прынятая 

Па інфармацыі тэлеграм-канала "Ник и Майк", тэкст рэзалюцыі УНС ужо напісаны і прыняты. Той самы, які, па словах Лукашэнкі, "акрэсліць асноўныя напрамкі руху Беларусі да вызначаных мэт".

У другі дзень УНС да дэлегатаў звернуцца такім чынам:

"Паважаныя сябры падліковай камісіі, прашу прыступіць да падліку галасоў. Хто за тое, каб прыняць рэзалюцыю? Хто супраць? Хто ўстрымаўся. Прынята.

Ёсць ва ўдзельнікаў сходу дапаўненні або іншыя заўвагі ў прапанаваныя тэксты названых дакументаў? Няма. Прапануецца прыняць праекты рэзалюцыі і звароту ў цэлым. Стаўлю на галасаванне. Хто за? Хто супраць? Хто ўстрымаўся.

Рэзалюцыя шостага УНС і зварот удзельнікаў Сходу ПРЫНЯТЫЯ".

Да абеду пятніцы ўсе ўдзельнікі "народнага форуму для грунтоўнага дыялогу" вызваляцца і на шэрых аўтобусах, стомленыя, але, вядома, са слязамі шчасця на вачах, адправяцца па сваіх гарадах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі