29 лютага. Як жывуць беларускі, у якіх дзень народзінаў раз на чатыры гады
Добра, калі дзень народзінаў хаця б раз на чатыры гады
— Самы папулярны жарт: "Дык гэта табе колькі гадоў споўнілася? Дзевяць?" — усміхаецца Ірына.
— Стамілася спрачацца з сябрамі, якія перакананыя, што віншаваць мяне трэба першага сакавіка, — уздыхае Юлія.
— Калі няма 29-га, адзначаем дзень народзінаў двойчы, — расказвае тата Соні.
Сёння 29 лютага — дата, якую, нібы таямнічую камету, можна заўважыць у календары толькі адзін раз на чатыры гады. А як жывуць людзі, што нарадзіліся ў дзень, якога часам не бывае? Ці ёсць свята не ў высакосны год і як яго святкуюць у прынцыпе?
Задаўшыся гэтымі пытаннямі, Еўрарадыё адшукала трох беларускіх імянінніц і запісала іх гісторыі.
Начытаная падарожніца
— Сёлета нашай старэйшай дачцэ спаўняецца 12 гадоў, — расказвае грамадскі актывіст Яраслаў Бекіш. — Калі жонка паведаміла, што Соня можа нарадзіцца 29 лютага, усе дома чамусьці пачалі казаць: о не, толькі не 29-га. А мне, наадварот, гэта здалося забаўным.
Я паклаў руку на жывот жонкі і сказаў: абяцаю, што калі народзіш у гэты дзень, у тыя гады, калі яго ў годзе няма, будзем святкаваць двойчы: 28 лютага і 1 сакавіка.
Быццам пачуўшы, што кажа бацька, дзяўчынка адгукнулася, стукнуўшы па жываце ножкай, а 29 лютага сапраўды з'явілася на свет.
Яраслаў сваё абяцанне стрымаў. Калі год невысакосны, свята адзначаюць двойчы і ў адзін з дзён прыдумляюць нешта асаблівае.
Напрыклад, сёлета сям'я запланавала паход у тэхнічны музей Варшавы, а на шосты дзень народзінаў Соні ўсе разам адправіліся падарожнічаць па Ніжняй Каліфорніі і назіраць за міграцыяй кітоў. Жылі ў намётах. Раніцай родныя павіншавалі дзяўчынку "тортам" з некалькіх сухафруктаў, а потым паплылі гуляць з кітамі.
— У Беларусі ў нас была традыцыя — хадзіць на дні народзінаў дзяцей усёй сям'ёй у аквапарк, але пасля пераезду так святкаваць перасталі, — працягвае Яраслаў. — Зразумела, што дорым падарункі, гаворым цёплыя словы, тэлефануюць блізкія, але наш аквапарк застаўся дома. Чаму не вярнуліся да традыцыі? Магчыма, проста няма тых сяброў побач, якія маглі б з намі раздзяліць гэтую радасць. Жылі нейкі час у Грузіі, там беларускіх сяброў было наогул мала.
Сваёй датай народзінаў Соня ганарыцца
Паводле суразмоўцы Еўрарадыё, Соні зусім не крыўдна, што яе афіцыйны дзень народзінаў — раз на чатыры гады. Наадварот, дзяўчынцы здаецца, што ў гэтым ёсць нешта асаблівае, і яна ганарыцца тым, што нарадзілася 29 лютага. Ну і куды ж без жартаў: усім сябрам Соня расказвае, што сёлета ёй спаўняецца толькі тры гады.
Дарэчы, нягледзячы на свой юны ўзрост, праз пастаянныя пераезды дзяўчынка паспела павандраваць і павучыцца ў розных краінах свету. Спачатку пайшла ў школу ў Канзасе, потым былі школы ў Беларусі, Грузіі і цяпер ужо ў Польшчы.
— Яна вельмі любіць чытаць, — з гонарам расказвае бацька пра зацікаўленні дачкі. — Чытае і на беларускай, і на рускай, і на грузінскай мовах. Нядаўна мы пераехалі ў Польшчу і сказалі, што давядзецца вучыць яшчэ і польскую, на што Соня адказала: "Ну а што, не першая і не апошняя!”
І, магчыма, мы ніколі б не пазнаёміліся, калі б не 2020 год і не Ірынін плакат на маршах "Бегаю хутчэй, чым АМАП".
Ужо амаль тры гады дзяўчына жыве ў Літве, у Беларусь пакуль дарожка закрытая. Бегае больш для сябе, але ў юнацтве займалася лёгкай атлетыкай. У Вільні Іра працуе нутрыцыёлагам і фітнэс-трэнерам — анлайн і ў зале.
“Колькі спаўняецца гадоў — столькі кіламетраў і прабягаю”
Суразмоўніца Еўрарадыё расказвае, што свой дзень народзінаў часцей адзначае 1 сакавіка, бо "ну нібыта павінна быць 29-е, а яго няма". Віншаванні Іра прывыкла прымаць і 28 лютага, і 1 сакавіка. Самы папулярны жарт сяброў: "Дык гэта табе колькі гадоў споўнілася? Дзевяць?"
— Ужо ў Вільні разам з сяброўкай пачалі арганізоўваць" Мазгабойню", — расказвае суразмоўніца. — І нешта ўсё так добра ў нас атрымалася, што цяпер я займаюся толькі гэтым. У нас усё выдатна. Я рада, што ўдалося сабраць гэтае кам'юніці, людзям ёсць дзе сустрэцца і чым заняцца.
Шчыра кажучы, за апошнія некалькі гадоў ад IT-шачкі проста ванітавала. Ты ўвесь час нешта робіш, а нейкага адчувальнага выніку няма. А цяпер я кожны месяц забаўляю 1 500 чалавек і атрымліваю ад гэтага велізарнае задавальненне.
Маме дазволілі напісаць, што нарадзілася 28-га
Калі мы пытаем Юлю, колькі ёй споўнілася гадоў, яна спакойна адказвае, што 44. А вось сябры ўжо пачалі жартаваць, маўляў, вось і 11, хутка — у пяты клас.
— Не ведаю як цяпер, але раней бацькам, чые дзеці нарадзіліся 29 лютага, давалі магчымасць выбраць, які дзень яны хочуць унесці ў пасведчанне аб народзінах. Мая мама захацела ўнесці 28 лютага, бо вырашыла, што нязручна будзе святкаваць дзень народзінаў раз на чатыры гады.
Але нарадзіцца 29 лютага — гэта ж класна, бо людзі ніколі не забываюць, калі ў цябе дзень народзінаў. Дастаткова агучыць дату адзін раз — і ўсе запамінаюць, нават нейкія няблізкія знаёмыя, таму віншуюць шмат.
“Рана, прыходзьце заўтра”
Адзінае, што крыху напружвае Юлю, — гэта штогадовыя спрэчкі з сябрамі, якія лічаць, што віншаваць яе правільна 1 сакавіка. Дзяўчына стамілася тлумачыць, што нарадзілася 29 лютага, а калі такога дня ў годзе няма, то паводле пашпарта свята прыпадае на 28-га.
— А яны такія: "Не-е-е, няправільна ў цябе напісана. Мы лічым, што віншаваць цябе трэба 1 сакавіка". Ужо стамілася з імі змагацца. Акей, калі маё меркаванне вам не важнае, хай будзе так, — уздыхае суразмоўніца.
Так што звычайна Юля адзначае дзень народзінаў 28-га, але калі год высакосны, стараецца прыдумаць на 29 лютага альбо нейкую вясёлую вечарыну, альбо паездку.
— Сёння лячу ў Францыю, бо хочацца нешта забаўнае зрабіць на 29 чысло. Апошні раз лётала ў Амерыку. Гэта было фантастычна! Разам з прыяцелем мы селі ў машыну і праехалі ад Чыкага да Фларыды і назад. За восем дзён наведалі кучу крутых месцаў. Я была вельмі задаволеная той паездкай. Такі вось падарунак — магу ж сабе дазволіць хоць раз у жыцці!
Юля расказвае, што праз складанасць з датамі народзінаў у сацыяльных сетках некаторыя сябры пачынаюць віншаваць яе 28 лютага нават у высакосны год.
— Рана, прыходзьце заўтра, — адказвае імянінніца на паведамленні. — І яны такія: "Ах, дакладна!"
Такая вось невялікая блытаніна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.