За чатыры гады колькасць адвакатаў у Беларусі зменшылася амаль на чвэрць

Суд / Суд / Еўрарадыё

Суд, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі за апошнія чатыры гады колькасць адвакатаў зменшылася амаль на чвэрць: у 2021-м іх было 2200 чалавек, а па канец 2024-га — 1600. Такія звесткі падаюцца ў справаздачы міжнароднай абсерваторыі "Юрысты ў небяспецы" (OIAD).

У дакуменце згадваецца, што мінімум адзінаццаці адвакатам з 2020 да 2024 года выставілі абвінавачанні па крымінальных справаў за іх прафесійную дзейнасць ці выказванне грамадзянскай пазіцыі.

Шасцярых адвакатаў пакаралі рознымі тэрмінамі зняволення. Наконт чатырох адвакатаў вядома пра катаванні падчас затрымання. Са зняволеным адвакатам Максімам Знакам няма ніякай сувязі амаль два гады.

Колькасць адвакатаў, якіх з 2020 года пазбавілі ліцэнзій, пазбавіўшы права на прафесію, складае мінімум 139 чалавек.

24 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень адвакатаў у небяспецы. Сёлета ён будзе праходзіць з акцэнтам на Беларусь.

Як паведамляе Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека, сёлета з 20 да 25 студзеня ў розных гарадах ЗША і краін Заходняй Еўропы пройдуць акцыі ў падтрымку беларускіх адвакатаў. Мэта гэтых акцый — распаўсюд інфармацыі аб рэпрэсіях супраць беларускіх адвакатаў. Таксама ўдзельнікі акцый будуць расказваць пра поўны дзяржаўны кантроль над прафесіяй юрыста ў Беларусі і адсутнасць незалежнай судовай улады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.